К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
Аўтамашына скручвае направа цераз мост на Тыбры й лезе на ўзгорак. Тут, абгароджаны высокiм драцяным плотам, знаходзiцца пераходны вайсковы абоз. Чаму абгароджаны дротам? Гэта-ж не абоз палонных. Адказ на гэта знаходзiце, убачыўшы вялiкую групу цывiльных, пераважна жанчын, некаторых з дзецьмi, што чакаюць пры галоўнай браме абозу. Гэта - рымская бедната, што чакае нагоды, каб падабраць крошкi з вайсковых сталоў. Гэта - нашчадкi тых самых плябэяў, што калiсь насычвалiся вiдовiшчамi катаваных Неронам хрысьцiянаў i што пасьля самi падхапiлi й разнесьлi па ўсiм сьвеце хрысьцiянскае слова з катакомбаў. Як тады, так i цяпер выцягваюць яны па хлеб рукi, як калiсьцi, так i сяньня прадаецца за грошы рымская дзявочая краса. Для iх мала што зьмянiлася. Былi калiсь на дне й засталiся сяньня. Таму й абгарадзiлi калючым дротам колькi баракаў пераходнага вайсковага абозу.
V
Рым тулiўся яшчэ ў засенi ранiцы, калi машына мчалася ўжо па Вiя Аппiя. Дзьве трацiны дарогi з-пад Балёнii ў Нэапаль ужо засталося ззаду. Аўтамабiль выбiрае дарогу на Касыно, каб яшчэ раз кiнуць вокам на мясцовасьць, дзе бушавала найгоршае пекла Другое сусьветнае вайны й дзе сьмерць скасiла тысячы сыноў беларускай, украiнскай i польскай земляў. Ужо пад'яжджаючы да кляштарнай гары з поўначы, хаця ня бачыш яе яшчэ, навокал сустракаеш кучы каменьня П'едымонтэ. Гэта калiсьцi былi хаты. Гляньце - вунь тырчыць сярод руiнаў руля разьбiтай нямецкай "пантэры"... Направа каля дарогi на раўнiне спачываюць абгарэлыя жалезныя дамавiны амэрыканскiх "шэрманаў". Там-сям сярод рознага ламацьця й папялiшчаў вiдаць пераедзеныя ўжо iржой амунiцыйныя скрынкi й лускi снарадаў.
Машына затрымоўваецца ля самага падножжа кляштарнай гары. Шафёр вылазiць з кабiны i, выцiраючы на твары пот, разглядаецца. З кузава выскокваюць i, топчучыся на месцы, распрастоўваюць ногi пасажыры. Разглядаюцца. Навокал нейкая магiльная цiшыня.
- Тут калiсьцi быў гарадок Касыно, - няведама каму паясьняе сiваваты дзядзька шафёр, паказваючы на кучу злому, цэглы й рознага ламацьця на правым баку шашы. - Зраўнялi зь зямлёю.
Вока блукае па руiнах. Пара старэнькiх жанчынаў поркаецца ў руiнах. Цяжка адрознiць, дзе былi будынкi. Там-сям ужо павылазiла наверх пустазельле. Нехта ў адным месцы зьляпiў похапкам нейкую будку. Мо якi жабрак цi пустэльнiк. Кляштарная гара панура ўталопiлася ў кучу руiнаў ля ейнага падножжа. Даволi высокая яна й зусiм недаступная з гэтага боку. На самым версе выстаўляе ўверх пацямнелыя абсмаленыя пальцы шкiлет кляштара. Зьнiзу выдаецца ён маленькiм, мiтычным i нерэальным. Можа, i ўся гiсторыя аб тым вялiкiм пекле - гэта сон? Мо й ня было тут нiякага кляштару й сьвятынi? Можа, не загiнулi тут тысячы людзей з народаў цэлага сьвету?
Вось - жывыя сведкi. Яны тут бралi ўдзел, некаторыя былi раненыя, пакiнулi на палях сьмерцi сяброў, блiзкiх, мо й родных.
- Там, збоку - далiна сьмерцi, - тлумачыць голас. - Немцы не давалi магчымасьцi падбiраць трупаў. Сьмярдзела на цэлую ваколiцу. Усялякая насякомая зараза жывiлася сьвежай крывёю й людзкiм мясам. Санiтары цi не санiтары немцы бiлi па ўсiх. Толькi ўпоцемку старалiся адшукваць раненых, i то нельга было схавацца пад асьвятляльнымi ракетамi...
Глядзiш на поўдзень i дзiвiшся. Абаронцы Монтэ Касыно мелi дасканалы абстрэл на колькi кiлямэтраў у прасторным сэктары. Глыбока, быццам тыя краты, пазалазiўшы ў каменныя бункеры, маглi, гуляючы, нiшчыць наступаючых, быццам тых зайцоў, што без аховы й прыкрыцьця апынуцца на голым шырокiм полi.
Дзесьцi з другога боку кляштарнай гары вырас шматтысячны лес белых крыжоў. Шмат зарабiлi там працавiтыя магiльшчыкi. Сакавiтае было жнiво. Ад саламяных беларускiх стрэхаў, ад украiнскiх i польскiх ляпянак вандравалi людзi праз тайгу Сiбiры, стэпы Казахстана й азiяцкiя ды афрыканскiя пустынi, каб знайсьцi супачынак тут, на скалiстым узбоччы. За што загiнулi? Думалi, што за вольнасьць... Цi-ж ведалi вы, сьвятой памяцi гэроi, што крамлёўскi тыран у той самы час душыў ужо вашы бацькаўшчыны?
Iзноў разьдзьмуў вецер макулiнкi попелу. Спрацаваная рука бедняка iтальянца дбайлiва зьмяце набок кучы лому й зраўняе руiны. Iзноў вырасьце на гэтым месцы Касыно, а на гары - грыбы манастыра й сьвятыняў. Бедны далей застанецца бедным, а пакрыўджаны й палонены не перастане трасьцi ярмом. Як стагодзьдзямi раней, бубнець будуць у малiтвах да Ўсявышняга галасы манахаў, а магiльную цiшыню навокал будзiць будуць званы сьвятыняў. Будуць i ў будучынi, як раней на працягу стагодзьдзяў, малiцца за людзкiя грахi, за памiлаваньне, за вольнасьць ад тыранii й справядлiвасьць на зямлi. Адно тысячы белых крыжоў на ўзбоччы гары маўклiва будуць стаяць, каб вечна запярэчваць марнасьцi самых вялiкiх ахвяраў для здабыцьця мiражу-вольнасьцi.
Чырвоныя макi на працягу доўгiх гадоў буйнець будуць яшчэ чырванейшымi з прасочанай наскрозь ахвярнай крывёю зямлi.
Пекла тое ня вырашыла справы вольнасьцi. Рогi iншага тырана ў той час расьлi й дужэлi ў iншым месцы, за iншымi мурамi. Яны й надалей ахоўваюць гняздо, што ад часоў Калiты было крынiцаю нязьлiчоных няшчасьцяў i няволяў.
VI
Прыехаўшы ў Нэапаль надвечар, кандыдаты ў школу падхаронжых спынiлiся ў ангельскiм пераходным абозе "Лямi Кэмп", кiлямэтраў пяць на ўсход ад гораду па дарозе ў Пампэю. Тут затрымлiвалася брытанскае войска, што чакала мараплаваў для выезду ў Ангельшчыну. Кiраўнiк мясцовае польскае каманды паведамiў, што маюць чакаць на прыезд iншых кандыдатаў ды сваю чаргу на мараплаве - усяго звыш тыдня часу. Вестка ўсьцешыла. Была нагода адпачыць, зьведаць Нэапаль i Пампэю ды, у каго ставала грошы, загуляць па-людзку. Так i рабiлi. Ужо на наступны дзень "на зайца", гэта значыць затрымоўваючы спадарожныя вайсковыя аўтамашыны, каб падвезьлi, уся група накiравалася ў Нэапаль.
"ОUT OF ВOUNDS"
I
Чытачу давялося ўжо раней, калi гэроi нашы прыехалi з палону ў Францыi, пазнаёмiцца павярхоўна з гэтым прыгожым горадам. Ад таго магло застацца ўяўленьне, што Нэапаль - найцудоўнейшы горад на сьвеце. Гледзячы зьверху - яно так. Але адно зьверху. Дзеля таго загадзя перасьцерагаем, каб ня было рашчараваньняў i нараканьняў, што аўтар уводзiць у зман. Зараз вось, давайце, возьмемся за рукi, каб ня згубiцца ў людзкiм мурашнiку, ды заглянем усярэдзiну, кiнем вокам у самыя цёмныя закануркi. Аб падарожжы нашым, запэўнiваем, ня будзем шкадаваць. Пазнаёмiўшыся блiжэй з горадам, будзем мець лепшае ўяўленьне аб цэлай краiне i ейных жыхарох.
Праменьнi вясеньняга сонца ўперлiся ў воды Нэапалiтанскае затокi. На вулiцах вельмi горача. Хуткiя машыны, пераважна вайсковыя, уздымаюць за сабой слупы пылу. Вулiцы брудныя, засьмечаныя. На тратуарах мала людзей, а дзе ўбачыце цывiльных - дык трымаюцца групамi. Ня дзiвiцеся гэтаму. У iтальянцаў i грэкаў ды iншых паўдзённа-эўрапэйскiх народаў ёсьць такая прывычка трымацца й хадзiць вялiкiмi групамi. Асаблiва-ж калi iдуць знаёмых цi сваякоў адведваць адразу дзесяткамi.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке), относящееся к жанру Биографии и Мемуары. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.


