Кузьма Черный - Пошукi будучынi (на белорусском языке)
- А ты хто? - адказала яму запытаннем жанчына, чуючы яго ламаную мову. - Ты можа чэх?
- А тут ёсць чэхi? - хiтра запытаў ён.
- Немцы везлi кудысьцi чэхаў, дык яны ўзбунтавалiся, паўцякалi i бадзяюцца па дарогах, - сказала наiўная старая.
- Я чэх, - адказаў Шрэдэр.
- Дык на Баранавiчы iдзi проста шляхам да скрыжавання, а там па шашы.
Цяпер ён пачаў iсцi начамi, а днём сядзеў дзе-небудзь у зацiшку. Ужо зямля ўмерзла, i ночы сталi доўгiмi вельмi. Бульба на полi была ўжо мерзлая. Але непрыбранае збожжа добра высыпалася з каласоў i многа зерня было нацярушана. Часам высвечвала сонца i яшчэ крыху грэла. Тады зямля пачынала раставаць i чарнець. У iм сфармiраваўся свет вялiкай адзiноты. I вось шлях дайшоў да такога месца, дзе Шрэдэр спынiўся i выразная думка аб блiзкай гiбелi стала ў яго цвёрдай i выразнай. У гэты дзень сеялася мокрая iмгла, але к вечару выяснiлася i заход сонца быў чысты. Ружовасць ляжала на небе, i вочы маглi цешыцца з адзiнокай травiны, якая дзе-нiдзе праз нейкi цуд захавалася на ржышчы. Так дзень пачынаў згасаць, калi Шрэдэр убачыў проста на дарозе абломкi машын i мноства трупаў нямецкiх салдат. Патрушчаныя галовы, паадрываныя ногi i рукi i ўсюды высахлая кроў. Шрэдэр мiнуў гэты жах, i яшчэ не змеркла, калi ён убачыў перад сабою велiчэзнае дрэва. Божа! Ён ужо два разы бачыў яго! Цi гэта сон, цi гэта страшная сапраўднасць?! Калiсьцi ён упаў тут хворы, i канвойны расейскi салдат узяў яго пад руку i павёў далей, дзе пры дарозе стаяла ў полi адзiнокая хвоя. Мiлы Божа! Тады яго паклалi на воз i павезлi. Ён сеў на край нейкай труны... Яму хацелася заплакаць. Але ж ён тады, ад слабасцi свае, не вытрымаў i адчынiў сваю душу перад тымi, хто ратаваў яго i нахiляўся над iм з ясным позiркам. I тое, што ён аддаўся патрэбе свайго сэрца, згубiла Гертруду i цяпер губiць яго. Цi здолее ён цяпер быць цвёрдым да канца i не сказаць сустрэчнаму: "Хоць ты i не немец, але не буду я цябе ненавiдзець. Пашкадуй мяне". У страшным утрапеннi ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце i ўбачыў: збоку пры самай дарозе насыпана зямля, на насыпе ўбiты ў зямлю кол i на iм дошка з надпiсам: "Тут закапана сто семдзесят шэсць немцаў, якiя навалаклiся сюды таптаць нашу зямлю i на гэтым самым месцы падохлi ад партызанскiх куль. Гiтлераўцам сабачая смерць. Чытайце, немцы, i вучыцеся". Шрэдэр прачытаў i зноў рушыў далей. Перад iм была брукаваная паваротка i надпiс на слупе: "На Сумлiчы. Шэсць кiламетраў". Нiчога гэты надпiс не сказаў яму. Але ногi яго захiсталiся, i ён сеў, а пасля лёг на зямлю. Усё цела яго ныла, галава кружылася, i кашаль пачаў iрваць яму грудзi. На Вялiкiм скрыжаваннi ён ляжаў, i раптам страшная думка цюкнула яму: "А цi не ступiў я ўжо на дарогу за сваёй Гертрудай?" Ён падняў галаву. Надпiс на слупе ўжо ледзьве вырысоўваўся ў змроку ранняга вечара. Ён устаў без жадання i волi. Прыпёрся плячыма да вялiкага дрэва i звяў. I толькi кашаль час ад часу вырываў яго з забыцця. Божа, якая доўгая была ноч! Тая чвэрць веку, якую ён пражыў з таго, калi ўпершыню ўбачыў гэтае дрэва, была карацейшая за гэту ноч. Ён сядзеў з усходняй стараны дрэва i, калi ўзышло сонца i паклала на яго страшны твар праменне, ён паварушыўся i падняўся. Надпiс на дошцы зноў стаяў перад яго вачыма: "На Сумлiчы". Тут ён раптам уздрыгануўся. Божа, якi дзiўны лёс! Гэтае слова ён пiсаў калiсьцi свайму малому Густаву, калi думаў, што памрэ сярод чужых людзей. Там была дзяўчынка з яснымi вачыма, тая, што паiла яго малаком. Ён не вытрымаў. Цяпер ужо слова "Сумлiчы" пранiзвала яго вострым болем i смуткам аб нечым навек страчаным i апаганеным. Ахоплепы дзiкай думкай, ён рушыў у брукаваную паваротку. Каля Сумлiч жанчына везла воз дроў. У першай сумлiцкай вулiцы дзяўчынка несла вядро вады. Яна азiрнулася на прысутуленую дзiўную постаць, якая ледзьве грабла нагамi. Стаялi дрэвы без лiсця, i дым iшоў з аднаго комiна. Тут жылi людзi. Шрэдэр падышоў да дзяўчынкi. Ламанай мовай ён сказаў:
- Гэта Сумлiчы?
- Сумлiчы.
- А немцаў не чуваць тут?
- А ты хто?
- Чэх.
- Немцаў няма, тут нашы. Пасля таго як па шашы пачалi душыць немцаў, дык яны сюды i носа не ткнуць. Трасцы!
- Партызаны ўсюды?
- Немцы толькi па гарадах асталiся.
Зноў адчай i трывога выгналi з Шрэдэравай душы нядаўняе жаданне сказаць першаму сустрэчнаму чалавечае слова. Тут падышла другая дзяўчынка, i новае пачуццё ажыло ў Шрэдэра. Гэта быў страх. А страх пачаў зменьвацца слабасцю волi i думкi. Аднак жа думка яго працавала даволi цвёрда. Разам з тым зноў пачало варочацца да яго iмкненне да чалавечага слова кожнаму, хто натрапiцца на яго дарозе. Настрой яго зменьваўся кожную секунду. То хацелася яму крыкнуць: "Густаў, сын мой! Дзе ты? Дзе твае салдаты i слава фюрэра?" То хацелася сказаць: "Пракляцце табе, фюрэр, за тое, што ты павёў мяне туды, куды я прыйшоў!" - i цалаваць гэтых дзяўчынак.
- Гэта чэх, - сказала дзяўчынка з вядром той, другой, якая толькi што падышла.
- Дык чаго ж ты стаiш, - сказала Шрэдэру новая дзяўчынка. - Калi ты чэх, дык iдзi папрасiся ў людзей у хату. Ты ж ледзьве стаiш.
Вось i чалавечае слова! Яго моцна ўразiла. Ён аж хiстануўся на нагах. Раптам ён успомнiў. Дастаў з кiшэнi запiсную кнiжачку i хутка знайшоў запiсанае яшчэ ў Германii, калi збiраўся сюды. Запiсана было рукою Гертруды, перапiсана з яго пiсем. Яна пiсала з нядобрым пачуццём да яго i з пэўнай думкай. Гледзячы ў гэты запiс, ён сказаў:
- Дом Нявады.
- Мы завядзём, - сказалi ў адзiн голас дзяўчаткi.
- А ты праўда чэх, цi можа немец? - сказала адна.
- Чэх, - адказаў ён.
I яны павялi яго на край мястэчка, дзе радзей стаялi хаты i вiдно было поле. У хату яны ўвайшлi разам з iм i ў адзiн голас сказалi:
- Гэта чэх, хоча есцi i спаць.
I выйшлi з хаты. Ён пераступiў з нагi на нагу i ўбачыў: на лаве ляжаць вiнтоўка i патроны, на табурэце сядзiць чалавек, пасярод хаты стаiць жанчына i ў пасцелi ляжыць дзяўчынка. Падлогi ў хаце няма, а ўбiтая зямля. Гэтая зямля i ўразiла яго перш за ўсё. Гэта ж зямля гэтая так была тады асветлена сонцам, калi ён тут скiнуў з сябе хваробу i раскрыў перад людзьмi душу. I вось ён пачаў пазнаваць у гэтай хаце ўсё. А дзяўчынка! Яна ляжыць i, мусiць, хворая. Бо такi худы i жоўты яе твар. Можна падумаць, што яна цэлыя годы праседзела ў турме. I зноў яму душу сцiснула новае ўражанне. Вочы ў гэтай дзяўчынкi. Гэта ж тыя самыя вочы. Можна падумаць, што гэта тая самая, што так даўно, калiсьцi, паiла яго малаком. Ён пачаў калацiцца.
- Ну дык садзiся, чэх, - сказаў чалавек, - зараз цябе накормiм.
Шрэдэр сеў, i думкi яго зноў аслабелi. Яго хiлiла да забыцця. I смутак, вялiкi смутак аб усiм свеце i аб сабе здушыў яго.
- Садзiся блiжэй да стала, налью табе есцi, - сказала жанчына.
Ён сеў за стол i сказаў, хоць ломанай, але расейскай мовай. Вiдаць, ён як мае быць рыхтаваўся ехаць сюды, каб тут пакiнуць быць арандатарам.
- Я некалi падараваў быў вам золата. Гадзiннiкi, пярсцёнкi, крыж. У тую вайну я быў хворы i палонны. Яно пайшло гэтаму дому на карысць?
Ён не памятаў, што казаў. У вачах яго цямнела, душа ныла.
- Божачка! - шпарка прагаварыла жанчына. - Адкуль ты ведаеш?.. А... Гэта быў ты? Я тады была яшчэ малая.
- Дык ты немец? - Раптам заварушыўся чалавек. - I я тады быў малы. А яна цяпер малая, - i чалавек ткнуў рукой туды, дзе ляжала хворая дзяўчынка. - Дык ты немец? Выйдзi з хаты! Чуеш? Iдзi! - Чалавек узяў з лавы вiнтоўку i грукнуў прыкладам у зямлю. Шрэдэр саскочыў з лавы i пайшоў у дзверы.
- У сад iдзi! - закрычаў чалавек. - Унь туды!
Шрэдэр увайшоў у сад, дзе густа стаялi голыя дрэвы, i зямля была зацярушапа мерзлым лiсцем.
- Стой!.. - сказаў чалавек.
Шрэдэр стаў i штосьцi шпарка пачаў гаварыць, перамешваючы нямецкiя словы з расейскiмi.
Чалавек не слухаў, прыцэлiўся i стрэлiў. Шрэдэр упаў i сканаў, лежачы, праз хвiлiн паўтары.
Кастусь Лукашэвiч убачыў на дрэве падмерзлую бэру сярод чорнага лiсця. Падумаў, на яе гледзячы, зазiрнуў у пуньку, узяў з саломы два яблыкi i ўвайшоў у хату.
- На, Лiзачка, еш антонаўкi, - сказаў ён, падыходзячы да хворай дзяўчынкi.
1943-1944
Каментары
Друкуецца па аўтографе. На вокладцы - назва рамана i малюнак, якi належыць пяру К.Чорнага: два дрэвы на першым плане i трэцяе ўдалечынi. На першым лiсце рукапiсу намалявана высокае дрэва i будынак, у якiм можна ўгадаць гумно з шырокiмi варотамi, каля сцяны знаходзiцца фрагмент агароджы. На другiм лiсце слупком выпiсаны iмёны i прозвiшчы галоўных персанажаў рамана. У канцы аўтографа пазначана: "Канец. Кузьма Чорны. 7 гадзiн вечара, 18-га верасня 1943 г. Масква. Гасцiнiца "Якорь". 2 лiпеня 1944 года Чорны запiсаў у сваiм "Дзённiку", што, ачуняўшы пасля цяжкай хваробы, якая суправаджалася амаль поўнай слепатой, ён перапiсваў рукапiс рамана: "А яшчэ шэсць месяцаў таму, калi пачынаў перапiсваць "Пошукi будучынi", мне была пакута выпiсваць роўна загаловак i першы радок".
Упершыню раман публiкаваўся ў часопiсе "Полымя", 1950, № 11-12, дзе быў падвергнуты прыкметнай рэдактарскай апрацоўцы.
Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение Кузьма Черный - Пошукi будучынi (на белорусском языке), относящееся к жанру Русская классическая проза. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.


