Кузьма Черный - Пошукi будучынi (на белорусском языке)
- Ну як, - сказала яна, - ты ўсё ляжала, а сёння сядзiш. Можа твая крываўка пакiдае цябе?
- Мама! - моцна сказала Лiза, ведаючы, што гэта не мацi. I з гэтага моманту пачаў душыць яе смутак. Ракуцьчыха скаланулася i шпарка адышлася да свайго ранейшага месца. Быццам бы хто рваў з яе душу. Магiчнае слова "мама" ў абедзвюх iх скаланула душу, у малое i ў старое. Ракуцьчыха ўпала тварам на пясок i зарыдала. Лiза асталася сядзець нерухома на ўвесь дзень i на ўсю ноч, так смутак скаваў яе ўсю i яе вочы; бадай што суткi яны не сышлi з аднаго пункта дзесьцi ў прасторы.
Я ў маленстве бачыў, як птушка далася аб тэлеграфны дрот i, скаваная ранамi ў нагах i крыллях, канчалася на зямлi пад дротам. У яе вачах маглi змясцiцца смутак i скруха ўсяго свету. А якi ж шлях трэба прайсцi ад птушкi да чалавека! Лiзiн позiрк змянiўся толькi на рассвiтаннi пасля той ночы, якая стала апошняй ноччу яе жыцця ў лагеры.
Тым самым тыднем, а можа, на колькi дзён раней, здушаны смуткам аб Лiзе, скрухай, небытам, кашлем, стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Ён ужо даўно, з першых жа дзён, iшоў глухiмi сцежкамi, узмежкамi, цалiною - полем i паплавамi. Чым блiжэй ён падыходзiў да месца, да якога так доўга iшоў, тым мацней авалодвала iм пачуццё неспакою i трывогi. Ён гэтулькi пытаўся ў людзей пра гэтае месца, i дзе яно i хто тут жыве, i хто iм уладае - што ўжо больш i не правяраў свае дарогi, а iшоў ад нейкага свайго чуцця. Хада яго была ўжо цяжкая i павольная. Дарога яго скончылася змрокам яснага дня. Ён убачыў перад сабою бялявыя ад рэштак змытай дажджамi вапны камляватыя ствалы старога саду. Паўз увесь сад быў роў i зарослы травою вал над iм. Ад такой доўгай хады i трывогi ногi яго падгiналiся. Ён сеў на вал над ровам i падумаў: "Божа мой, як далёка да Сумлiч". Сапраўды ён зайшоў вельмi далёка. Гэта была нават i не тая акруга, у якой былi Сумлiчы. I не тая гэта была акруга, начальнiкам якой быў маладзейшы Густаў Шрэдэр i ў якой была цяпер у лагеры Лiза, дзеля якой ён прыйшоў сюды. Ён сядзеў над ровам i не ведаў, як жа пачаць сваю справу, i калi, i з кiм, i дзе таго шукаць тут. Яшчэ не ўмеркла, i постаць яго вельмi выразна вырысоўвалася. Сярэднiх год жанчына iшла з кашом яблык паўз вал над ровам, спалохалася незнаёмага чалавека i стала абыходзiць яго стараной. Ён яшчэ больш узнепакоiўся. Душа яго ныла i трывожылася, i, каб ён мог у гэты момант праверыць сам сябе, ён знайшоў бы ў сабе больш безнадзейнасцi, чым веры, i больш боязнi, чым надзеi. Ён падняў вочы на жанчыну i запытаў:
- Цi тутэйшая ты, галубка?
- Ой, дзядзюхна, хто гэта!
I жанчына пайшла шпарка. Нявада заварушыўся:
- А скажы, цi Палiводскага гэты маёнтак?
- Нашто табе? Хто ты? Унь немец павярнуў сюды галаву, стаiць з аўтаматам ля брамы.
Яна подбегам пайшла к дому, веранды i балконы якога здалёк вырысоўвалiся зялёным сваiм колерам на фоне белых сцен.
- Калi ты маеш доступ да Палiводскага, - крыкнуў жанчыне Нявада, - дык накажы яму, што тут сядзiць чалавек, якi прынёс яму тое, што ў яго адабралi на той вайне i чаго ён шукаў праз усё жыццё.
Жанчына выслухала iдучы i ўжо сапраўды-такi пабегла i знiкла з вачэй. Нявада рашуча ўстаў i шпарка пайшоў к дому. Нямецкi салдат пераступiў з нагi па нагу i закрычаў нешта на Няваду так, што здавалася, гэта ён прагаўкаў, цвелячы сабак. Нявада падняў рукi ўгару i стаў на месцы. Мусiць-такi сапраўды тая жанчына мела нейкi доступ цi да самога Палiводскага, цi да якога-небудзь яго слугi, цi да кухароў, цi пакаёвак. Бо нешта вельмi адразу, як толькi Нявада стаў перад салдатам, з дома на ганак выйшлi двое ў палiцэйскай форме, i адзiн штосьцi сказаў салдату, а пасля расейскай мовай запытаў у Нявады, трымаючы на губах штосьцi падобнае да цiкаўнасцi i ўсмешкi:
- Гэта ты прынёс тое, чаго шукаюць праз усё жыццё?
- Гэта я, - абазваўся Нявада.
- Дык хадзi сюды.
Салдат адступiў ад Нявады, i Няваду павялi праз цёмныя i асветленыя свечкамi пакоi i калiдоры. Многа прайшлi дзвярэй i нарэшце спынiлiся ў вялiкiм пакоi, акно ў якiм, высокае i шырокае, было адчынена. Было вiдно, як на небе патухалi апошнiя праменнi яснага захаду. Няваду паставiлi ў кут каля дзвярэй i пачалi выварочваць яму кiшэнi, шукаць запазухай i мацаць па ўсей яго адзежы. У гэты момант адчынiлiся дзверы, тыя, праз якiя Нявада яшчэ не праходзiў, i двое людзей выйшлi адтуль i, штосьцi ўзбуджана гаворачы па-нямецку, пайшлi поплеч праз пакой да выхада. Тыя, што выварочвалi Нявадавы кiшэнi, павыцягвалiся, як пруты. Адзiн з тых двух быў высокi i ўжо стары i ў цывiльнай адзежы, другi сярэднi i ростам i гадамi i ў форме нямецкага афiцэра. У дзвярах яны пацiснулi адзiн аднаму рукi, i вайсковец выйшаў, а высокi цывiльны астаўся, i раптам адбылася дзiўная Няваду з'ява: яго выпусцiлi з рук i пакiнулi шукаць у яго чагосьцi, а самi знiклi следам за вайсковым, i высокi цывiльны вярнуўся ў свой пакой. Нявада астаўся адзiн. Ён схiлен быў радавацца гэтаму. Адразу ён стаў увiшны i рухавы. Прыгнуўся i мацнуў месца, дзе ў вопратцы падшэўка сшыта з верхам. Аж у галаве яго закружылася: яны яшчэ не дайшлi былi да гэтага месца, i тое, што ён нёс Палiводскаму, было пры iм. Узбуджаны i з наплывам надзеi, ён зазiрнуў у акно i ўбачыў, як той вайсковец сеў у машыну i як той салдат, што запынiў быў яго на двары, палез у грузавiк, дзе сядзелi больш салдаты. I машыны адразу паехалi. На двары стала адразу пуста, i з-за дрэў чулася, як нехта вучыўся граць на дудцы. Падобна было, што як толькi паехаў, а з iм i салдаты з аўтаматамi, дык тут не асталося нiякай варты. Праўда, два палiцаi падышлi аднекуль, узлеглi грудзьмi на плот i сталi курыць, але Няваду яны здавалiся чымсьцi як бы не вельмi жорсткiм. Яны хоць не гаўкаюць так па-нямецку. Пустэча, цiшыня i дудка з-за дрэў запоўнiлi час Нявадавага чакання. Так адзiн ён стаяў, можа, з паўгадзiны. Зноў трывога i ўтрапенне пачалi авалодваць iм. Раптам адчынiлiся дзверы, за якiмi знiк высокi цывiльны, i палiцэйскi выйшаў адтуль i беларускаю моваю (вiдаць, быў тутэйшы) сказаў да Нявады:
- Гэта ты той самы, што нешта прынёс?
- Я, - устрапянуўся Нявада.
- Дык увайдзi. Цябе, здаецца, глядзелi i абмацвалi?
- Абмацвалi.
- Дык iдзi, iдзi туды. - Ён паказаў на дзверы, з якiх сам выйшаў, i сеў на цвёрдае крэсла ў паставе такой, у якой ён тут маецца сядзець доўга, можа нават цэлую ноч. Нявада ўвайшоў у наступны пакой i ўбачыў таго самага высокага цывiльнага. Ён стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спiну рукi, i нервовы цiк перасмыкваў яго губы.
- Стой, стой, - шпарка сказаў ён, як толькi Нявада зрабiў крок ад дзвярэй. - Ты быў на той вайне?
- Быў.
- Ты аграбiў раненага афiцэра?
- Не я, а немец. А як той немец трапiў у палон i ляжаў хворы ў маёй хаце, дык за добры догляд пакiнуў усё тое маiм дзецям. Усё захавалася як ёсць. Я прынёс пану Палiводскаму.
- Гэта я Палiводскi, - нецярплiва сказаў высокi.
Няваду быццам праняло электрычным токам. Перад iм стаяў стары чалавек, хударлявы, з тварам такiм, што, здавалася, да яго прысохла вечнае чаканне. Нявада зрабiў рух да акна, дзе святлей, i загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткi. Палiводскi не спускаў з яго вачэй, i губы яго перасмыквалiся часцей, ужо дробна i бесперастанку. Было маўчанне i цiшыня. Угнуты Нявада пацягнуў за канец суровае нiткi, i пачуўся сухi трэск, i насупраць акна льга было ўбачыць, як з таго месца вопраткi, дзе рванулася нiтка, пайшоў пыл. Не адгiнаючыся, Нявада ўсадзiў пальцы пад адпораную падшэўку i абмацваў там. Тут пачуўся яго голас. Ён гаварыў:
- Мой ласкавец, я праз дваццаць, а можа, i праз усе трыццаць год хаваў, не пускаў куды, трымаў, а нёс i шукаў вас, i прапытваў у людзей больш як... не лiчыў дзён, але больш як месяц. Я ў балотных закутках i ў сабачых норах хаваўся i туляўся, абы каб не напаткаць каго i каб цэлае данесцi... Божа мой. Каб жа льга было верыць у чалавечае сэрца i каб пранялi яго пакуты дзiцяцi, яшчэ зусiм недарослая дзяўчынка... (Тут ён абмацаў i дастаў з-пад падшэўкi гадзiннiкi. Палiводскi ўцягнуў нiжнюю губу ў рот i сцiснуў яе так.) Яна там без ратунку i без... без... без жыцця можа ўжо! (Ён павысiў голас i дастаў з-пад падшэўкi звязаныя пярсцёнкi.) Вам жа гэта слова сказаць, i пакiне яна мучыцца...
- Пра каго ты гаворыш! - крыкнуў нецярплiва Палiводскi, не маючы сiл адарваць вочы ад Нявадавых пальцаў.
- Ласкавенькi мой, любенькi мой, дарагi мой, душою i целам прашу, дастаньце яе з лагера i аддайце мне, каб я мог хоць пачуць, як пахне яе галава - цi пылам, цi мылам, як калi бывала ў яе. Ратуйце яе i мяне цераз гэта... Каб праз вашы вушы да сэрца дайшло... Чалавек жа, нават i акамянелы, не бывае без сэрца. Я так прашу, што аж не ведаю, цi глядзеў я калi на каго з сваiм гонарам... Дзеля просьбы мае я нёс сюды цэлы месяц, прапытваў, туляўся...
Тут ён дастаў з-пад падшэўкi крыж i застыў маўклiва. Можа, ён успамiнаў, цi не асталося яшчэ чаго, i не бачыў, як Палiводскi раптам збялеў тварам i рукамi зрабiў рух туды да яго. Нявада выпрастаўся i паклаў усё на стол. Поўны вялiкага чакання, ён стаў перад Палiводскiм i не зводзiў вачэй з яго твару. Некалькi разоў твар Палiводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў, то зноў чырванеў. Нарэшце ён як бы абмярцвеў, i вочы быццам ашклянелi. Ён падсеў да стала i глядзеў на крыж, на якiм мiльгацелi нават у сваёй нерухомасцi каменнi.
Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение Кузьма Черный - Пошукi будучынi (на белорусском языке), относящееся к жанру Русская классическая проза. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.


