Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды
Зразумела, што ўмацаванне крыжакоў у вусці Заходняй Дзвіны не магло не прывесці да барацьбы Полацка з крыжакамі, якія сваімі дзеяннямі нішчылі полацкую ўладу над Ніжнім Падзвіннем.
Наступным крокам біскупа Альберта была арганізацыя ў 1202 г. са згоды рымскага папы адмысловага крыжацкага Ордэна мечаносцаў, ці, як яго інакш называлі, Лівонскага ордэна, для паспяховага заваявання ніжнядзвінскіх земляў і хрысціянізацыі іх насельніцтва. Такім чынам, Полацку прыйшлося мець справу з добра арганізаванай і таму моцнай агрэсіўнай сілай.
I вось у наступны, 1203 год адбылася першая сутычка Полацка з Ордэнам. У «Хроніцы Лівоніі» мы чытаем пра гэта: «Полацкі кароль Вальдэмар раптоўна з’явіўся з войскам у Лівонію, аблажыўшы замак Ікесколу (недалёка на ўсход ад Рыгі.— М. Е.). Няўзброеныя лівы не адважыліся супраціўляцца і паабяцалі даць яму грошы. Пасля гэтага, атрымаўшы даніну, кароль спыніў аблогу. Між тым тэўтоны, пасланыя біскупам з самастрэламі і іншай зброяй, занялі замак Гольм, і, калі прыйшоў кароль, каб аблажыць і гэты апошні, яны паранілі ў яго шмат коней і змусілі да ўцёкаў русаў, якія не рашыліся пад абстрэлам перайсці Дзвіну». Як бачым, першая ж баявая сустрэча з крыжакамі закончылася паражэннем для палачан з прычыны болып дасканалай нямецкай зброі. Звяртае на сябе ўвагу вялікае значэнне конніцы ў Цолацкім войску, якое, магчыма, толькі з яе і складялася.
У свой час у навуковай літаратуры ставілася пытанне, што было повадам для наступальных дзеянняў полацкага князя супродь крыжакоў у 1203 г. Ф. Кейслер лічыў вялікай памылкай з боку «Вальдэмара», што ён не ўвайшоў у згоду з лівамі і не толькі не схіліў іх на свой бок, але яшчэ і абклаў іх кантрыбуцыяй. Э. Банэль меркаваў, што полацкі князь помсціў за забойства полацкага купца і за абмежаванне плавания па Дзвіне, што, вядома, слушна. У той жа час мае рацыю і С. Салаўёў, які сцвярджаў, што «полацкія князі прывыклі хадзіць вайной на чудзь (відаць, пад ёй разумеліся лівы, што належалі да фінаўчудзі.— М: Е.) і браць з яе даніну сілаю, калі яна не хацела плаціць яе добраахвотна. Гэтаксама яны хацелі цяпер дзейнічаць супроць немцаў». Пацвярджэнне гэтай думкі мы знаходзім у Арнольда Любецкага, выказванне якога мы часткова ўжо прыводзілі, а зараз даём яго поўнасцю: «Кароль русаў з Полацку меў за звычай час ад часу збіраць даніну з гэтых ліваў, а біскуп у ёй адмаўляў яму. Ад гэтага ён часта рабіў жорсткія напады на тую зямлю і ўпомнены горад» (маецца на ўвазе Рыга). Карацей кажучы, біскуп забараніў лівам плаціць даніну Полацку, што і выклікала раптоўны паход яго князя.
Гэты факт яшчэ засведчыў і тое, што даніну з ліваў, як відаць, і з іншых прыбалтыйскіх плямёнаў непасрэдна збіраў полацкі князь, які, такім чынам, быў іх уладаром.
Адразу пасля паведамлення аб адступленні полацкага князя ў «Хроніцы Лівоніі» гаворыцца, што кароль Герцыке (ён не названы тут па імені, але з далейшага мы ведаем, што гэта быў Усевалад), падышоўшы да Рыгі з летонамі, забраў жывёлу гараджан, якая была на пашы, захапіў двух святароў, што пілавалі з пілігрымамі лес, а аднаго, які разам з гараджанамі пагнаўся за князем, забіў707. Нельга не заўважыць сувязь гэтага факта з папярэднім. Ясна, што дзеянні полацкага і герцыкскага князёў былі ўзгодненымі. Болей за тое, улічваючы вялікую адлегласць Герцыке ад Рыгі, куды наўрад ці пайшоў бы самастойна Усевалад, можна думаць, што полацкі князь па дарозе на ліваў захапіў з сабою і герцыкскага князя, атрад якога, такім чынам, быў дапаможнай сілай і помсціў крыжакам за няўдачу палачан.
Трэба зазначыць, што ў гэтым паведамленні трохі здзіўляе адзін факт, а менавіта тое, што Усевалад ішоў на Рыгу з літоўцамі. Так мы чытаем у перакладзе, а ў арыгінале апошнія называюцца «Lethones». У сувязі з гэтым узнікае пытанне: а ці правільным тут з’яўляецца пераклад, бо на латыні літоўцы — lithuani, а панямецку — Litauer709. Калі ў апошніх мы бачым адэкватнасць, якая выяўляецца і ў сугучнасці, то гэтага няма паміж летонамі і літоўцамі. Магчыма, што ў «Хроніцы Лівоніі» пад летонамі не ўсюды разумеецца тое самае племя. Ва ўсякім разе, у дадзеным выпадку цяжка зразумець, чаму Усевалад ішоў разам з літоўцамі, калі Герцыке знаходзіўся на тэрыторыі, населенай земігаламі, латгаламі і куронамі. У далейшым мы таксама яшчэ ўкажам на факты, якія супярэчаць атаясамленню летонаў з літоўцамі.
Падзеі 1203 г. азначалі сабою пачатак адкрытай вайны паміж Полацкам і крыжакамі. Важнае значэнне для зыходу яе мелі адносіны да ваюючых бакоў мясцовага насельніцтва. Найперш трэба адзначыць, што досыць вялікая тэрыторыя Ніжняга Падзвіння не была ўсюды ў аднолькавай меры асвоена полацкай уладай. Відаць, болей за ўсё апошняя адчувалася ў прыбярэжнай з Дзвіной паласе, у той час як у аддаленай тэрыторыі яе прысутнасць не была такой відавочнай. Полацкая ўлада, як гэта відаць з крыніц, выяўлялася найперш у збіранні даніны і аказанні Полацку вайсковай дапамогі. Ва ўсім астатнім плямёны кіраваліся сваімі старэйшынамі і самастойна вялі войны і заключалі саюзы з суседзямі. Зразумела, любая іншаземная ўлада — ці яна моцная, ці яна слабая — негірымальная для пакоранага народа. Таму і полацкае ўладаранне не магло карыстацца асаблівай сімпатыяй тубыльцаў. Аднак справа змянілася з наступлением крыжакоў. Іх добра арганізаваная ўлада з яе паслядоўнасцю і разнастайнымі метадамі прыгнечання, з яе сталым сістэматычным уціскам у параўнанні з менш арганізаванай полацкай уладай успрымалася прыбалтыйскімі плямёнамі выключна жорсткай і таму з’яўлялася для іх болыным злом, чым ранейшая. Асабліва важнае значэнне мела і тое, што палачане не прымушалі залежныя ад іх язычніцкія плямёны Прыбалтыкі пераходзіць у хрысціянства. Гэтым асабліва дакаралі крыжакі полацкіх князёў, якія, маўляў, «стараюцца пакарыць краіны не для адраджэння праз веру Хрыстову, а дзеля падаткаў і здабычы»710. Адсюль зразумела, што пад уплывам такіх акалічнасцей і маглі змяніцца адносіны да полацкай улады насельніцтва Прыбалтыкі, у першую чаргу ліваў, якія адразу з’явіліся аб’ектам нямецкай агрэсіі і таму пачалі глядзець на полацкага князя як на моцную апору ў іх барацьбе з крыжакамі. Гэтым і было выклікана з’яўленне таемнага ад немцаў ліўскага пасольства ў Полацку ў 1206 г., якое хацела схіліць караля да выгнання тэўтонаў. Лівы скардзіліся, што біскуп з яго прыхільнікамі ім у вялікі цяжар, а прыгнёт веры для іх нясцерпны. Даведаўшыся пра гэта, кароль загадаў усім, хто знаходзіўся ў яго каралеўстве, як мага хутчэй рыхтавацца да паходу, каб, узяўшы неабходнае ў дарогу, на караблі ці на плытах з бярвення па цячэнні ракі хутка і зручна падысці да Рыгі. (Звернем увагу на перамяшчэнне полацкага войска па вадзе — не толькі на караблях, але і на плытах.) Аднак у далейшым падзеі набываюць амаль дэтэктыўны характар. Справа ў тым, што біскуп Альберт, бачачы супраціўленне ліваў і разумеючы цяжкасць барацьбы з імі, вырашыў задобрыць полацкага князя і гэтым самым нейтралізаваць яго і з такой мэтай накіраваў да яго пасольства на чале з абатам Тэадорыхам, які павінен быў падарыць каралю баявога каня з узбраеннем (па дарозе гэтыя дары адабралі летоны). Калі тэўтонскае пасольства з’явілася да полацкага караля, то ён наладзіў яму вочную стаўку з лівамі. I на запэўненне тэўтонаў, што прыйшлі дзеля міру і дружбы, лівы заявілі, што тэўтоны не захоўваюць міру. Баючыся выявіць свае тайныя намеры, кароль загадаў немцам выйсці і чакаць на двары. I вось у гэты час абату ўдалося дарамі і грашыма падкупіць аднаго з каралеўскіх дарадцаў, які і выдаў план (маецца на ўвазе план паходу на Рыгу), што трымаўся ў тайне. Даведаўшыся, што ў Полацку ёсць жабрак з Гольма, абат наймае яго і загадвае яму даставіць ліст біскупу і гэтым самым паведаміць аб усім, што ён выведаў у Полацку. Пасля атрымання гэтых вестак многія пілігрымы, што меліся адплыць за мора, вярнуліся назад разам з біскупам. У сваю чаргу і полацкі кароль даведаўся пра ўчынак абата, пазваў яго да сябе і спытаўся, ці пасылаў ён ганца ў Рыгу. Абат прызнаўся ў гэтым. Пасля паслы, што суправаджалі Тэадорыха, сталі ўгаворваць яго адмовіцца ад свайго прызнання, аднак ён, ведаючы, што «слова — не верабей, выпусціш — не зловіш», не хацеў гэтага рабіць. Полацкі кароль, зразумеўшы, што так ён нічога не даб’ецца, паколькі намер яго выкрыты, задумаў хітрасць. Тут храніст зазначыў: «Той, хто з выглядам галубкі гаворыць ласкавыя словы, часамі раніць гэтак жа, як і змяя ў траве».
Абата адпусцілі дадому, але разам з ім адправілі і полацкіх паслоў з мірнымі прапановамі, але з каварнай думкай, як зазначыў храніст. Выслухаўшы абодва бакі — ліваў і біскупа, — яны павінны былі вырашыць, чыя праўда.
Адпушчаныя князем паслы вельмі хутка дабраліся да замка русаў Кукенойса (яшчэ адно сведчанне яго прыналежнасці да Полацка) і адтуль адправілі ў Рыгу разам з абатам аднаго дзякана Стэфана, запрашаючы біскупа сустрэцца з пасламі 30 мая каля ракі Вогі (цяпер Огер). Паслы, рассыпаўшыся на ўсе бакі па вобласці, пачалі клікаць ліваў і лэтаў (уласна званых латгаламі) з’явіцца пры зброі. Лівы прыйшлі не столькі з намерам выканаць волю караля, г. зн. полацкага князя, колькі пасадзейнічаць пагібелі хрысціян. Аднак лэты, хоць і заставаліся яшчэ язычнікамі, усё ж былі добрай думкі аб жыцці хрысціян і, жадаючы ім дабра, не з’явіліся на гэтыя каварныя, як характарызуе іх Генрых, перагаворы, і нават падарункі, паднесеныя ім палачанамі, не змаглі схіліць іх супроць тэўтонаў. Пан біскуп, запрошаны на гэтыя перагаворы з полацкімі пасламі праз Стэфана, па радзе сваіх даў адказ: «Ва ўсіх краінах, як вядома, існуе агульны звычай, каб паслы, адпраўленыя сваімі ўладарамі, самі шукалі таго, да каго пасланы, і з’яўляліся да яго, але ніколі гаспадар, які б сціплы і ласкавы ён ні быў, не выходзіць са сваіх умацаванняў насустрач паслам. Таму і паслам і іх ганцам належыць шукаць нас у нашым горадзе, дзе мы са сваімі маглі б прыняць і ўтрымліваць іх з болынай пашанай. I так, хай завітаюць, нічога не баючыся, чакаючы ганаровага прыёму».
Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды, относящееся к жанру История. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.


