Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке)
Аднак для многiх, асаблiва для моладзi, "афера" паступова станавiлася нечым накшталт пробнага каменя ўласнай вартасцi. "Па сутнасцi, - казалi яны, справа не ў адгадцы салярыснай цывiлiзацыi, а ў нас самiх, у мажлiвасцях чалавечага пазнання".
Адзiн час быў папулярны погляд (яго настойлiва распаўсюджвалi газеты), што Акiян, якi мыслiць i якi абмывае ўсю Салярыс, з'яўляецца вялiзным мозгам, апярэдзiўшым у сваiм развiццi нашу цывiлiзацыю на мiльёны гадоў, што гэта нейкi "касмiчны ёг", мудрэц, спраўджанае ўсёведанне, што ён ужо даўно ўсвядомiў марнасць усялякага дзеяння i таму сустракае нас поўным маўчаннем. Але гэта была няпраўда, бо жывы Акiян дзейнiчаў, ды яшчэ як! - праўда, ён дзейнiчае iнакш, чым уяўляюць сабе людзi; ён не будуе нi мастоў, нi гарадоў, нi лятальных апаратаў, не спрабуе нi перамагчы, нi пераадолець прастору (тыя, хто любой цаной iмкнуўся даказаць перавагу чалавека, бачылi ў гэтым нашу бязмежную перавагу), ён заняты тысячаразовымi пераўтварэннямi - "анталагiчным аўтаметамарфозам"; вучоных тэрмiнаў не бракавала на старонках салярыстычных прац! Аднак жа, з другога боку, чалавеку, якi пачне скрупулёзна вывучаць усе мажлiвыя звесткi пра Салярыс, цяжка пазбавiцца ад уражання, што перад iм толькi рэшткi iнтэлектуальных збудаванняў, магчыма, i генiяльных, але без ладу i складу змешаных з пладамi глупства, якое знаходзiлася ўжо на мяжы вар'яцтва. Таму насуперак канцэпцыi "Акiяна-ёга" з'явiлася тэорыя "Акiяна-дэбiла".
Гэтыя гiпотэзы зноў ажывiлi адну са старажытных фiласофскiх праблем узаемаадносiны матэрыi i духу, свядомасцi. Таму, хто першы, як Дзю-Гарт, надзялiў Акiян свядомасцю, патрабавалася нямала адвагi. Праблема, якую адразу ж прызналi метафiзiчнай, прысутнiчала амаль на ўсiх дыскусiях i спрэчках. Цi магчыма мысленне без свядомасцi? Але цi можна назваць працэсы, што адбываюцца ў Акiяне, мысленнем? Цi справядлiва, што гара - гэта вельмi вялiкi камень? А планета - гэта вялiзная гара? Можна ўжываць i гэтыя тэрмiны, аднак новая шкала велiчынь выводзiць на сцэну новыя заканамернасцi i новыя з'явы.
Гэтая праблема стала квадратурай круга нашага часу. Кожны самастойны вучоны iмкнуўся ўнесцi ў скарбонку салярыстыкi свой уклад; з'явiлася шмат тэорый, якiя даводзiлi, што мы маем прадукт дэгенерацыi, рэгрэсу, якi пачаўся пасля фазы "iнтэлектуальнага росквiту" Акiяна, iншыя пераконвалi, што Акiян гэта глеевы наватвор, якi нарадзiўся ў целе ранейшых насельнiкаў планеты i паеў iх усiх, праглынуў, спёкшы рэшткi ў вечную пазаклеткавую стыхiю, якая здольная да самаамаладжэння.
Пад белым, падобным на зямное, святлом лямпаў я прыняў са стала прыборы i кнiгi, якiя на iм ляжалi, расклаў на пластыкавай дошцы мапу Салярыс i, абапiраючыся рукамi на металiчную акантоўку стала, пачаў узiрацца ў яе. Жывы Акiян меў свае глыбiнi i плыткiя месцы, а яго выспы, пакрытыя налётам выветраных мiнералаў, сведчылi, што калiсьцi яны былi дном Акiяна - было невядома, цi рэгуляваў ён з'яўленне над вадой i знiкненне скальных парод, якiя хавалiся ў яго глыбiнях. Я пазiраў на вялiзныя, з рознымi адценнямi фiялетавага i блакiтнага колераў паўшар'i на карце i каторы ўжо раз у сваiм жыццi быў здзiўлены iх выглядам, як i даўней, у дзяцiнстве, калi ўпершыню пачуў пра iснаванне Салярыс.
Не ведаю, як гэта сталася, але ўсё, што адбывалася дагэтуль - таямнiчая смерць Гiбарыяна, нават мая цьмяная будучыня, - здалося мне гэткiм нязначным, што я нi аб чым не думаў, захоплены аглядам мапы, якая зачароўвала кожнага чалавека.
Асобныя ўчасткi "жыватвору" былi названы iмёнамi даследнiкаў, якiя прысвяцiлi сябе iх вывучэнню. Я пазiраў на глеемасiў Тэхсала, якi ахоплiваў экватарыяльныя архiпелагi. Раптам адчуў на сабе нечы позiрк.
Я ўсё яшчэ стаяў над мапай, але ўжо не бачыў яе, бо быў як паралiзаваны. Дзверы знаходзiлiся насупраць мяне, яны былi застаўлены скрынкамi i прысунутай да iх шафай. Напэўна, гэта нейкi аўтамат, падумаў я, хоць да гэтага ў пакоi не было нiводнага робата, а ўвайсцi непрыкметна ён не мог. Скура на карку i на плячах пачала смылець, адчуванне цяжкага нерухомага позiрку станавiлася нясцерпным. Я мiжволi ўцягваў галаву ў плечы i ўсё мацней абапiраўся на стол, якi раптам пачаў марудна рухацца па падлозе; гэты рух працверазiў мяне. Я рэзка павярнуўся.
Пакой быў пусты. Перада мной чарнела вялiкае паўкруглае акно. Дзiўнае адчуванне не знiкала. На мяне пазiрала пустэча, бязмежная, бязлiкая, бязвокая. За шыбамi, у змроку, не свяцiлася нiводная зорачка. Я занавесiў акно. Яшчэ не мiнула i гадзiны майго знаходжання на Станцыi, але я пачаў ужо разумець, чаму ў некаторых з'яўляецца тут манiя праследавання. Мiжволi згадалася смерць Гiбарыяна. Я добра ведаў яго i да гэтага часу быў перакананы, што нiякiя абставiны не вымусiлi б яго звiхнуцца. Зараз гэтая перакананасць знiкла.
Я стаяў пасярод пакоя каля стала. Дыханне маё супакоiлася, я адчуваў, што пот, якi залiў лоб, высыхае. Пра што ж гэта я толькi што думаў? А - пра робатаў. Тое, што я не сустрэў iх нi ў калiдоры, нi ў пакоях, было дзiўна. Куды ж яны падзелiся? Адзiны, з якiм я меў справу - i то на адлегласцi, - быў з абслугi касмадрома. А дзе ж iншыя?
Я зiрнуў на гадзiннiк. Час iсцi да Снаўта.
Я выйшаў. Калiдор слаба асвятляўся люмiнесцэнтнымi лямпамi. Я мiнуў двое дзвярэй, падышоў да тых, на якiх значылася прозвiшча Гiбарыяна. Доўга стаяў перад iмi. На Станцыi панавала цiшыня. Я ўзяўся за клямку. Па праўдзе кажучы, мне зусiм не хацелася туды заходзiць. Клямка пасунулася, дзверы на дзюйм прачынiлiся, утварылася шчылiна, спачатку чорная, пасля ў пакоi запалiлася святло. Цяпер мяне мог убачыць кожны, хто iшоў па калiдоры. Я хуценька пераступiў парог i зачынiў за сабой дзверы, бясшумна i моцна. Затым павярнуўся.
Я стаяў, амаль што датыкаючыся плячыма да дзвярэй. Пакой быў большы за мой, з такiм жа панарамным акном, на тры чвэрцi захiнутым фiранкай з дробнымi нябеснымi i ружовымi кветкамi, якая, несумненна, была прывезена з Зямлi. Уздоўж сцен стаялi кнiжныя палiцы i шкапчыкi, пафарбаваныя ў вельмi бледны зялёны колер з серабрыстым адценнем. Iх змесцiва, цэлымi стосамi вываленае на падлогу, ляжала памiж столiкамi i крэсламi. Праход загароджвалi два самаходныя столiкi, паваленыя i часткова пахаваныя пад стосам часопiсаў, якiя вытыркалiся з цудоўных папак. Разгорнутыя веерам старонкi кнiг былi залiтыя вадкасцю з разбiтых колбаў i пляшак з прыцёртымi коркамi, у пераважнай большасцi яны былi з гэткага тоўстага шкла, што звыклае падзенне на падлогу нават са значнай вышынi не здолела б iх разбiць. Пад акном ляжаў перакулены пiсьмовы стол з разбiтай лямпай на рухомым кранштэйне; перад iм валялася табурэтка, а яе дзве ножкi былi засунуты ў напалову адчыненыя шуфляды. Уся падлога засыпана карткамi, спiсанымi лiсткамi, нейкiмi паперамi. Я пазнаў почырк Гiбарыяна i схiлiўся над лiсткамi. Падымаючы асобныя аркушы, я заўважыў, што мая рука дае не адзiночны, а двайны цень.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке), относящееся к жанру Научная Фантастика. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.


