Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке)
- Таму ты запалiла святло? - спытаўся я, з цяжкасцю прамаўляючы гэтыя словы.
- Так. Але нiчога не атрымалася, бо я шукала ў сабе, ведаеш... iх - нешта зусiм iншае, я проста вар'яцела, павер мне! Часам мне здавалася, што пад скурай у мяне няма цела, што ўнутры ў мяне штосьцi такое... што я... што я толькi абалонка. Каб падмануць цябе. Разумееш?
- Разумею.
- Калi ноччу ляжыш без сну, да чаго толькi не дадумаешся! Да сама неверагодных рэчаў, ты ж i сам ведаеш...
- Ведаю...
- Але я адчувала сваё сэрца i памятала, што ты зрабiў аналiз маёй крывi. Якая ў мяне кроў, скажы, скажы праўду. Цяпер жа ты гэта можаш.
- Такая, як i ў мяне.
- Праўда?
- Клянуся.
- Што гэта азначае? Я пасля думала, мо гэта схавана недзе ўва мне, што яно... магчыма, вельмi маленькае. Але я не ведала дзе. Зараз я думаю, мо ў рэшце рэшт гэта была хiтрасць з майго боку, бо я вельмi баялася таго, што хацела зрабiць, i шукала iншага выйсця. Але, Крыс, калi ў мяне такая ж кроў... калi ўсё так, як ты гаворыш, тады... Не, гэта немагчыма. Бо тады я памерла б, праўда? Значыць, нешта ўсё-такi ёсць, але дзе? Мо ў галаве? Але ж я думаю зусiм нармальна... i нiчога не ведаю... калi б я гэтым думала, то павiнна была б адразу ўсё ведаць i не кахаць цябе, толькi рабiць выгляд i разумець, што раблю выгляд... Крыс, скажы мне, калi ласка, усё, што ты ведаеш, мо ўдасца хоць нешта зрабiць?
- Што iменна?
Хэры маўчала.
- Ты хочаш памерцi?
- Бадай што так.
Наступiла цiшыня. Хэры сядзела, скурчыўшыся, ля маiх ног. Я разглядваў залу, белую эмаль абсталявання, рассыпаныя блiскучыя iнструменты, нiбыта шукаў штосьцi вельмi патрэбнае i не мог адшукаць.
- Хэры, можна i мне сказаць?
Яна чакала.
- Так, праўда, ты не зусiм такая, як я. Але гэта не азначае, што ты горшая за мяне. Наадварот. Можаш думаць, што хочаш, але дзякуючы гэтаму... ты не памерла.
Нейкая дзiцячая, бездапаможная ўсмешка з'явiлася ў яе на твары.
- Я... несмяротная?
- Не ведаю. Ва ўсякiм разе ты не такая смяротная, як я.
- Як страшна, - прашаптала Хэры.
- Мо не так страшна, як табе здаецца.
- Але ты мне не надта зайздросцiш.
- Хэры, гэта хутчэй пытанне... аб тваiм прызначэннi, я так назваў бы гэта. Ведаеш, тут, на Станцыi, тваё прызначэнне ўрэшце гэткае ж невядомае, як i маё, як i кожнага з нас. Тыя будуць працягваць эксперымент Гiбарыяна, i можа адбыцца ўсё...
- Або нiчога.
- Або нiчога, i павер, я згадзiўся б, каб нiчога не адбылося, нават не таму, што баюся (хоць страх, бадай, i адыгрывае пэўную ролю), а таму, што гэта нiчога не дасць. Вось тое адзiнае, у чым я перакананы.
- Нiчога не дасць? Чаму? З-за... Акiяна?
Хэры сцепанулася ад агiды.
- Так. З-за кантакту. Думаю, што, па сутнасцi, усё вельмi проста. Кантакт азначае абмен нейкiм вопытам, паняццямi, ва ўсякiм разе вынiкамi, нейкiмi высновамi, а калi нiчога для абмену няма? Калi слон - не вялiзная бактэрыя, то i Акiян не можа быць вялiзным мозгам. З абодвух бакоў, вядома, могуць адбывацца пэўныя дзеяннi. У вынiку аднаго з iх я зараз бачу цябе i стараюся растлумачыць табе, што ты мне даражэйшая, чым дванаццаць гадоў жыцця, аддадзенага планеце Салярыс, я хачу знаходзiцца з табой i надалей. Мо тваё з'яўленне павiнна было стаць пакараннем, мо шчасцем, а мо толькi мiкраскапiчным даследаваннем. Доказам дружбы, злосным ударам, здзекам? Мо ўсiм гэтым адначасова альбо, што больш верагодна, - нечым зусiм iншым. Але ў рэшце рэшт нас не датычаць задумкi нашых бацькоў, якiя зусiм не падобныя мiж сабою. Ты можаш сказаць, што ад iх задумак залежыць наша будучыня, i я пагаджуся з табой. Але я не магу прадбачыць будучыню. Гэтаксама, як i ты. Я нават не магу сцвярджаць, што буду кахаць цябе заўсёды. Калi ўжо гэтулькi здарылася, то можа адбыцца ўсё, што хочаш. Мо заўтра я ператваруся ў зялёную медузу? Тут мы бяссiльныя. Але пакуль можам, мы будзем разам. А гэта не так мала.
- Паслухай, - сказала Хэры. - Я хачу спытацца. Я... я... вельмi падобная на яе?
- Была вельмi падобная, - адказаў я, - а цяпер не ведаю.
- Што?
Хэры ўстала. Яна пазiрала на мяне шырока расплюшчанымi вачыма.
- Ты яе ўжо засланiла.
- I ты перакананы, што ты не яе, а мяне кахаеш? Мяне?..
- Так. Менавiта цябе. Не ведаю, баюся, што, калi б ты сапраўды была ёю, я не мог бы цябе кахаць.
- Чаму?
- Бо я паступiў несправядлiва...
- У адносiнах да яе?..
- Так. Калi мы былi...
- Не трэба...
- Чаму?
- Я хачу, каб ты ведаў, што я - гэта не яна.
РАЗМОВА
Пасля абеду наступнага дня я знайшоў на стале ля акна запiску Снаўта. Ён паведамляў, што Сарторыус перапынiў працу над анiгiлятарам, каб апошнi раз выпрабаваць уздзеянне жорсткага выпраменьвання на Акiян.
- Каханая, - сказаў я, - мне трэба схадзiць да Снаўта.
Чырвоная зорка гарэла ў шкле i дзялiла пакой на дзве часткi. Мы знаходзiлiся ў блакiтным ценi. За мяжой ценю ўсё здавалася медным, i, вiдаць, калi б кнiга ўпала з палiцы, яна зазвiнела б.
- Гаворка пра эксперымент. Я толькi не разумею, як лепш. Ведаеш, я хацеў бы... - я змоўк.
- Не апраўдвайся, Крыс. Я вельмi хацела б... Хiба толькi не доўга?..
- Гэта зойме пэўны час, - адказаў я. - Паслухай, а мо ты пойдзеш са мной i пачакаеш мяне ў калiдоры?
- Добра. А калi я не вытрымаю?
- Што з табой, уласна, адбываецца? - спытаўся я i адразу ж дадаў: - Я пытаюся не з цiкавасцi, вядома, але, магчыма, калi разбярэшся, ты з гэтым i сама справiшся.
- Я баюся, - адказала Хэры i збялела. - Я не магу табе сказаць, чаго я баюся, нават не баюся, а проста раствараюся. Апошнiм часам я адчуваю гэткi сорам... Як табе растлумачыць... А пасля ўжо нiчога, пуста. Таму я думала, што я хворая... - Хэры здрыганулася.
Апошнiя словы яна прамовiла ледзь чутна.
- Мо такое адбываецца толькi тут, на гэтай чортавай Станцыi, - прамовiў я. - Я пастараюся зрабiць усё, каб мы як мага хутчэй пакiнулi яе.
- Ты лiчыш, гэта мажлiва? - Хэры шырока расплюшчыла вочы.
- Цалкам. Зрэшты, я ж не прыкуты... Дарэчы, трэба спачатку дамовiцца са Снаўтам, а там паглядзiм. Як ты думаеш, колькi ты можаш быць адна?
- Хто яго ведае... - апусцiўшы галаву, паволi пачала Хэры. - Калi я буду чуць твой голас, то, бадай, спраўлюся.
- Я хачу, каб ты не слухала, пра што мы гаворым. Я не маю нiякiх сакрэтаў, але я не ведаю, не магу ведаць, што скажа Снаўт.
- Не працягвай. Я разумею. Добра. Я буду стаяць так, каб чуць толькi твой голас. Больш мне нiчога не трэба.
- Зараз я пазваню яму з лабараторыi. Я не буду зачыняць дзвярэй.
Хэры кiўнула. Я прайшоў праз сцяну чырвоных сонечных промняў у калiдор, якi, нягледзячы на штучнае асвятленне, здаваўся амаль чорным. Дзверы малой лабараторыi былi адчынены. Люстраныя рэшткi сасуда Дзюара, якiя ляжалi на падлозе каля вялiзных ёмiстасцей з вадкiм кiслародам, усё яшчэ нагадвалi пра начное здарэнне. Засвяцiўся маленькi экран. Калi я зняў трубку i набраў нумар радыёстанцыi, блакiтная занавеска, якая знутры закрывала матавае шкло, рассунулася, i Снаўт, нагнуўшыся з высокага крэсла, зiрнуў мне проста ў вочы.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке), относящееся к жанру Научная Фантастика. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.


