`
Читать книги » Книги » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Герберт Уэллс - Вайна сусветаў (на белорусском языке)

Герберт Уэллс - Вайна сусветаў (на белорусском языке)

1 ... 32 33 34 35 36 ... 44 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Я падумаў, што калi ўдасца заманiць яго ў кухню без шуму, то я заб'ю яго i з'ем; ва ўсякiм выпадку, лепш яго забiць, каб не выдацца марсiянам.

Я папоўз да яго, ласкава паклiкаў шэптам:

- Пёсiк! Пёсiк!

Але сабака знiк.

Я прыслухаўся - не, я не аглух: у яме на самай справе цiха. Чуўся толькi нейкi гук, падобны на лопат крылаў, ды яшчэ рэзкае карканне - i больш нiчога.

Я доўга ляжаў каля шчылiны, не адважваючыся рассунуць чырвоны зараснiк. Раз цi два я чуў лёгкi шорах - быццам сабака дзесьцi ўнiзе бегаў па пяску. Чуў, як мне здавалася, шастанне крылаў, i толькi. Нарэшце, асмелiўшыся, я выглянуў вонкi.

У яме нiкога. Толькi ў адным вугле зграя варон змагалася за астанкi мерцвякоў, выссаных марсiянамi.

Я глядзеў, не верачы сваiм вачам. Нiводнай машыны. Яма апусцела; у адным вугле - куча шэравата-блакiтнага пылу, у другiм - некалькi алюмiнiевых палосаў ды чорныя птушкi над чалавечымi астанкамi.

Я паволi пралез праз чырвоны зараснiк i стаў на кучу шчэбеню. Перада мною была адкрыта прастора, толькi ззаду, на поўначы, гарызонт быў закрыты разбураным домам, - i нiдзе я не бачыў нiякiх прыкмет марсiянаў. Яма пачыналася якраз каля маiх ног, але па шчэбеню можна было ўскарабкацца на кучу абломкаў. Значыць, я выратаваўся! Шчасце перапоўнiла мае грудзi.

Некалькi хвiлiнаў я стаяў i разважаў, потым у парыве рашучай смеласцi, з радасным сэрцам ускарабкаўся на вяршыню развалiнаў, пад якiмi так доўга быў зажыва пахаваны.

Я агледзеўся яшчэ раз. На поўнач таксама нiводнага марсiянiна.

Апошнi раз я бачыў гэтую частку Шына пры дзённым святле; тут была вiхлястая вулiца - добраўпарадкаваныя белыя i чырвоныя домiкi, абсаджаныя цянiстымi дрэвамi. Цяпер я стаяў на кучы смецця, цэглы, глiны i пяску, густа зарослай нейкiмi падобнымi на кактус, па калена вышынёю, чырвонымi раслiнамi, якiя заглушылi ўсю зямную раслiннасць. Дрэвы вакол стаялi голыя, чорныя; па яшчэ жывых ствалах бралiся чырвоныя парасткi.

Вакольныя дамы былi разбураны, але нiводзiн не згарэў; сцены ўцалелi да другога паверха, але ўсе вокны былi разбiтыя, дзверы сарваныя. Чырвоная трава спорна расла нават у пакоях. Пада мною ў яме вароны бiлiся за рэшткi былых жывых iстотаў. Над развалiнамi лятала мноства птушак. Па сцяне аднаго дома асцярожна спускалася выпетралая кошка; але прыкметаў людзей я нiдзе не бачыў.

Дзень пасля майго зняволення здаваўся мне асляпляльным, неба ярка-блакiтным. Лёгкi ветрык пацiху варушыў чырвоную траву, якая разраслася паўсюль, нiбы бур'ян. А якiм салодкiм было паветра!

VI

ШТО ЗРАБIЛI МАРСIЯНЕ ЗА ДВА ТЫДНI

Некалькi хвiлiнаў я стаяў на кучы смецця i абломкаў, стаяў хiстаючыся, забыўшыся абсалютна пра небяспеку. У той смярдзючай бярлозе, адкуль я толькi што вылез, я ўвесь час думаў толькi аб грознай для мяне небяспецы. Я не ведаў, што адбылося за гэтыя днi, не чакаў такога захапляльнага вiдовiшча. Я чакаў убачыць Шын у развалiнах - перада мною рассцiлаўся дзiўны i злавесны ландшафт, быццам на iншай планеце.

У тую хвiлiну я адчуў тое, што не пад сiлу адчуць чалавеку, гэта пачуццё знаёмае, вiдаць, толькi жывёлiнам. Я быў падобны на труса, якi вярнуўся да сваёй норкi i ўбачыў, што землякопы знiшчылi дарэшты яго жыллё. Тады я ўпершыню цьмяна адчуў тое, што потым стала зразумелым, што гняло мяне ўжо некалькi дзён, - пачуццё развенчанасцi, разуменне таго, што я ўжо не цар Зямлi, а жывёлiна сярод iншых стварэнняў пад пятою марсiянаў. З намi будзе тое ж, што з iншымi жывёлiнамi, - нас будуць адсочваць, вынiшчаць, а мы будзем уцякаць i хавацца: царства чалавека кончылася.

Гэта думка мiльганула i знiкла, i мяне апанавала пачуццё голаду: я ж столькi часу не еў! Непадалёку ад ямы, за агароджаю, зарослаю чырвонаю травою, я заўважыў ацалелы кусочак саду. Гэта мяне абнадзеiла, i я пачаў прабiрацца, вязнучы па каленi, а то i па шыю ў чырвонай траве i адчуваючы сябе ў бяспецы пад яе прыкрыццем. Сцяна саду была каля шасцi футаў вышынёю, i калi я паспрабаваў ускарабкацца на яе, аказалася, што я не магу нават падняць нагу. Я прайшоў далей паўз сцяны да вугла, дзе ўбачыў штучны пагорак, узабраўся на яго i саскочыў у сад. Тут я знайшоў некалькi цыбулiн шпажнiку i шмат дробнай морквы. Сабраўшы ўсё гэта, я пералез цераз разбураную сцяну i пайшоў у напрамку да К'ю памiж дрэвамi, спавiтымi багровым i кармiнавым зараснiкам; гэта было падобна на прагулку сярод крывавых сталактытаў. Я думаў толькi пра адно: набраць чым больш ядомай садавiны i гароднiны i бегчы, уцячы чым найхутчэй з гэтай праклятай, непадобнай на зямную, мясцовасцi!

Непадалёку я знайшоў у траве кучку грыбоў i з'еў iх, затым наткнуўся на цёмную палоску праточнай вады - там, дзе раней былi лугi. Дробязны пажытак толькi ўзмацнiў мой голад. Спачатку я не мог зразумець, адкуль узялася гэта вiльгаць у разгары гарачага, сухога лета, але потым здагадаўся, што яе спарадзiў трапiчна-буйны рост чырвонай травы. Як толькi гэта незвычайная раслiна сустракала ваду, яна вельмi хутка дасягала гiганцкiх памераў i густа разрасталася. Яе насенне трапiла ў ваду Ўэй i Тэмзы, i хуткiя на рост парасткi неўзабаве пакрылi абедзве ракi.

У Путнi, як я пасля ўбачыў, мост быў амаль увесь у зараснiку травы; каля Рычманда воды Тэмзы разлiлiся шырокай, але неглыбокай плынню па лугах Хэмптана i Туiкенхэма. Чырвоная трава iшла следам за разлiвам, i неўзабаве ўсе разбураныя вiлы ў далiне Тэмзы знiклi ў ружовай дрыгве, на ўскраiне якой я быў: чырвоная трава схавала сляды апусташэння, пакiнутага марсiянамi.

Пасля гэта чырвоная трава знiкла гэтак жа хутка, як i вырасла. Яе вынiшчыла хвароба, выклiканая, наколькi можна думаць, невядомымi бактэрыямi. Справа ў тым, што дзякуючы натуральнаму адбору ўсе зямныя раслiны выпрацавалi ў сабе здольнасць супрацiўляцца бактэрыяльным захворванням, яны нiколi не гiнуць без упартай барацьбы; але чырвоная трава засыхала на коранi. Лiсты яе хварэлi, зморшчвалiся i станавiлiся кволыя. Пры лёгкiм дотыку яны адвальвалiся, i вада, якая спачатку памагала росту чырвонай травы, затым выносiла яе рэшткi ў мора.

Падышоўшы да вады, я, канешне, перш-наперш наталiў смагу. Я выпiў вельмi многа i, памiраючы ад голаду, пачаў жаваць лiсты чырвонай травы, але яны аказалiся вадзянiстымi, мелi агiдны металiчны прысмак. Я ўбачыў, што тут мелка, i смела пайшоў уброд, хоць чырвоная трава спавiвала мне ногi. Але па меры наблiжэння да ракi станавiлася ўсё глыбейшаю вада, i я павярнуў назад, у бок Мортлейка. Я стараўся трымацца дарогi, арыентуючыся па развалiнах прыдарожных вiлаў, па платах i лiхтарах, i нарэшце дабраўся да ўзвышша, на якiм стаiць Рохэмптан, - я быў ужо ў ваколiцах Путнi.

Тут ландшафт змянiўся i страцiў сваю незвычайнасць: паўсюль вiднелiся сляды разбурэння. Дзе-нiдзе мясцовасць была настолькi апустошаная, як быццам тут пранёсся цыклон, а праз некалькi дзесяткаў ярдаў траплялiся зусiм некранутыя ўчасткi, дамы з акуратна спушчанымi жалюзямi i запёртымi дзвярамi, - здавалася, што людзi пакiнулi iх на дзень-два цi проста там яны мiрна спалi. Чырвоная трава расла тут не так густа, высокiя дрэвы ўзбоч дарогi не мелi на сабе паўзучых чырвоных парасткаў. Я шукаў пад дрэвамi што-небудзь ядомае, але нiчога не знайшоў; заходзiў у два бязлюдныя дамы, але ў iх, вiдаць, ужо пабывалi iншыя: яны былi абрабаваныя. Рэштку дня я праляжаў у кустоўi, бо зусiм выбiўся з сiл i не мог iсцi далей.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 32 33 34 35 36 ... 44 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение Герберт Уэллс - Вайна сусветаў (на белорусском языке), относящееся к жанру Научная Фантастика. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.

Комментарии (0)