`
Читать книги » Книги » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Кир Булычев - Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)

Кир Булычев - Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)

Перейти на страницу:

- Мяркуючы па ўсiм, - задумлiва сказаў высокi бандыт, дакрануўшыся пальцам да кончыка носа, - вы нам не паверылi.

- Паверыла. - Ганна сцепанулася пад яго халодным позiркам. Гэтым i выдала сябе канчаткова. I цяпер ёй заставалася толькi бегчы. Тым больш што малады чалавек адклаў кнiжку, лёгка ўстаў з канапы i апынуўся ў яе за спiною. Або цяпер, або нiколi. I Ганна хуценька вымавiла: - Мне трэба выйсцi на двор.

- Чаго? - спытаўся высокi бандыт.

Ганна кiнулася да прачыненага акна, нырнула ў яго галавою ўперад, насустрач начной прахалодзе, водару лугоў i паху дыму ад ляснога вогнiшча. Праўда, гэтую сiмфонiю яна не паспела як след ацанiць, бо гусар уцягнуў яе за ногi назад у пакой. Ганна стукнулася падбародкам аб падаконнiк, ледзь не выбiла свае прыгожыя, асляпляльна белыя зубы i павiсла - рукамi за падаконнiк, ногi навiсу.

- Пусцi, - прастагнала Ганна. У голасе было столькi нянавiсцi i прынiжэння, што скуласты бандыт сказаў:

- Пусцi яе, Жуль.

Ганна сказала, прыводзячы сябе ў парадак:

- Гэтага я вам нiколi не дарую.

- Вы так рызыкавалi. Там жа пад акном крапiва.

- Парэчкi, - сказала Ганна.

- Чаму не крычалi? - дзелавiта спытаў скуласты бандыт. - Тут далёка чуваць.

- Я яшчэ закрычу, - адказала Ганна, стрымлiваючы слёзы.

- Васпанi, - вымавiў высокi бандыт, - супакойцеся. Мы не ўчынiм вам зла.

- Тады выбiрайцеся адсюль! - крыкнула Ганна нечакана вiскатлiвым, кухонным голасам. - Зараз жа выбiрайцеся з маёй хаты! - Яна схапiлася за скiвiцу i дабавiла праз зубы: - Цяпер у мяне рот не будзе адкрывацца.

Скуласты бандыт паглядзеў паўзверх яе галавы i сказаў:

- Жуль, паглядзi, калi ласка, цi нельга зняць боль? Ганна зразумела, што забiваць яе не будуць, а Жуль асцярожна i цвёрда ўзяў яе за падбародак сухiмi тонкiмi пальцамi i сказаў, гледзячы ў вочы сваiмi сiнiмi, акружанымi чаротам вейкаў, гусарскiмi азёрамi:

- Няўжо мы робiм такое цяжкае ўражанне?

- Робiце, - сказала Ганна ўпарта. - I вам прыйдзецца вымыць падлогу ў сенцах. Панастаўлялi чамаданаў...

- Гэта мы зробiм, - сказаў Кiн, ён жа старэйшы бандыт, падыходзячы да акна. - I, напэўна, давядзецца адкласцi рашэнне на заўтра. Сёння ўсе ўсхваляваныя, больш таго, раздражнёныя. Устанем заўтра раней...

- Вы ўсё-такi намерваецеся тут начаваць? - сказала Ганна.

- А дзе ж мы дзенемся?

Ганна зразумела, што ён праўду кажа.

- Тады будзеце спаць у халодным пакоi. Толькi просцiн у мяне вам няма.

- Абыдземся, - сказаў Жуль. - Я вазьму кнiжку з сабою. Вельмi цiкавая. Ранiцай аддам. Ганна толькi адмахнулася.

- Дзе ануча? - спытаўся Кiн.

- Я зараз прынясу, - сказала Ганна i пайшла на кухню.

Кiн накiраваўся за ёю. Беручы анучу, ён спытаўся:

- Можа, вас задаволiць грашовая кампенсацыя?

- Каб я паехала са сваёй хаты?

- Скажам, тысяча рублёў?

- Уга, я столькi атрымлiваю за паўгода.

- Значыць, згода?

- Паслухайце, у вёсцы ёсць iншыя хаты. У iх жывуць адзiнокiя бабулi. Гэта вам абыдзецца танней.

- На жаль, - сказаў Кiн, - нас задавальняе гэтая хата.

- Няўжо пад ёю клад?

- Клад? Наўрад. А дзве тысячы?

- За гэтыя грошы вы можаце купiць тут тры хаты. Не раскiдвайцеся грашыма. Цi яны дзяржаўныя?

- Iронiя недарэчы, - строга сказаў Кiн, быццам Ганна вучылася ў яго класе. - Грошы дзяржаўныя.

- Слухайце, - сказала Ганна, - мыйце падлогу i кладзiцеся спаць.

4

Ганне не спалася. За сцяною бурчалi няпрошаныя госцi, можа, збiралiся пачаць раскопкi клада на досвiтку? Урэшце-такi яна не вытрымала i выглянула ў сенцы. Лiхтарык ляжаў на палiчцы - матавы апельсiн свечаў на сто. "Iмпартная рэч, - падумала Ганна. - Вельмi зручная ў турысцкiх паходах". Чамаданаў прыбавiлася. Iх стала тры. Можа, бандыты ўжо засялiлi сябровак? I ў гэты момант з лёгкiм стукам пасярод прыхожай узнiкла блiскучая металiчная скрынка, метр на метр. За перагародкаю пачуўся голас гусара:

- Прыехалi.

Дзверы, што вялi ў халодны пакой, здрыганулiся, i Ганна, напалоханая, iмгненна шмыганула ў свой пакой.

Гэта было падобна на мiстыку i ёй не падабалася. Рэчы так проста не ўзнiкаюць. Яны ўзнiкаюць, бадай, толькi ў навукова-фантастычных раманах, якiя Ганна не любiла, але чытала, бо яны былi дэфiцытныя.

Бандыты яшчэ доўга перасоўвалi нешта ў сенцах, мармыталi i ўгаманiлiся толькi гадзiны ў тры. Тады i Ганна заснула.

Прачнулася яна не так, як марылася ёй апошнiмi тыднямi. Гэта значыцца: чуваць аддаленыя крыкi пеўняў, рыкаюць каровы, што валакуцца чарадою пад вокнамi, раннiя птушкi вядуць гамонку ў дрэвах, сонечныя зайчыкi вытанцоўваюць на фiранцы. Ганна бяжыць на рэчку i акунаецца ў халодную, свежую, празрыстую ваду. Сосны ўзмахваюць лапамi, яна плыве, разганяючы серабрыстых малькоў.

За сцяною гучалi галасы, i адразу ж прыгадалася недарэчная ўчарашняя гiсторыя. У Ганны настрой сапсаваўся раней, чым яна пачула спевы пеўняў, рыканне статка i вясёлы шолах лiстоты. Каб выбрацца, трэба было прайсцi цераз сенцы, дзе ўжо мiтусiлiся няпрошаныя суседзi. I купацца расхацелася. Варта было зрабiць iнакш: расчынiць дзверы i - голасам гаспадынi: "Вы яшчэ тут? Колькi гэта будзе цягнуцца? Я пайшла па мiлiцыю!" Аднак нiчога падобнага Ганна не зрабiла, бо яшчэ не мылася i была непрычэсаная. Цiха, саромеючыся, што яе пачуюць, Ганна прабралася на кухню, налiла халоднай вады з вядра ў таз i здзейснiла свой сцiплы туалет. Расчэсваючыся, яна ўпотайкi глянула ў кухоннае акно. Уцячы? Неразумна. А яны будуць бегчы за мною па вулiцы? Лепш пачакаю, пакуль зойдзе дзед Генадзь.

Быць на кухнi доўга яна не магла. Таму Ганна падпалiла ў плiце, паставiла чайнiк i, статная, строгая i халодная, выйшла ў сенцы.

Там стаяла шэсць скрынак i чамаданаў, адзiн чамадан быў адчынены, i гусар Жуль у iм капаўся. Пачуўшы яе крокi, ён зачынiў вечка, буркнуў: "Добрай ранiцы". Вiдавочна, непрыязнасць была ўзаемная, i гэта яе нават падбадзёрыла.

- Добрай ранiцы, - павiталася Ганна. - Вы яшчэ тут?

Кiн увайшоў з вулiцы. Мокрыя валасы прыляпiлiся да лба.

- Выдатная вада, - паведамiў ён. - Даўно так добра не купаўся. Вы маеце намер акунуцца? I чаго гэта ў яго такi добры настрой?

- Не, - сказала яна. - Лепш я схаджу па малако.

- Схадзiце, Ганна, - сказаў дружалюбна Кiн. Ён паводзiў сябе не зусiм правiльна.

- Цi збiраецеся вы выязджаць? - спыталася яна недаверлiва.

- Не, - адказаў Кiн. - Мы тут будзем.

- А вы не баiцеся, што я паклiчу на дапамогу?

- Вы гэтага не зробiце, - усмiхнуўся Кiн.

- Яшчэ як зраблю! - абурылася Ганна. I накiравалася да выхаду.

- Посуд вазьмiце, - сказаў ёй услед гусар. - У вас грошы ёсць?

- Не патрэбны мне грошы. - Ганна ляпнула дзвярыма, выйшла на ганак. Посуд ёй таксама быў не патрэбны. Iшла яна не па малако.

У люстэрку ракi гулялi сонечныя блiскаўкi, непадалёку ад ручая ў лагчыне вiсеў клубок туману, сонца было такое цёплае i пушыстае, што здавалася, можна было ўзяць яго ў далонi i пагладзiць.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
Перейти на страницу:

Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение Кир Булычев - Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке), относящееся к жанру Научная Фантастика. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.

Комментарии (0)