`
Читать книги » Книги » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)

Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)

1 ... 21 22 23 24 25 ... 69 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

- Так, - згадзiўся Радаслаў. - У прынцыпе, для чалавека павiнна быць усё роўна - памерцi ад агню, ад жалеза або вады. Але iнстынктыўна чалавек, калi толькi ёсць выбар, выбiрае не вогненную смерць. Чаму? Можа, таму, што кара агнём - гэта поўнае, абсалютнае знiшчэнне, знiкненне, а жывая чалавечая душа заўсёды сумуе па сваёй плоцi.

- Я разумею цябе, Радаслаў Буслейка, - з нейкай урачыстасцю сказаў Плазмоiд. - Мы, Дзецi Несмяротнай Плазмы, валодаем шчаслiвай здольнасцю бясконца, без нiякай шкоды для сябе, мяняць сваю форму i масу. Калi ты ведаеш, у стане плазмы знаходзiцца абсалютная большасць рэчыва Сусвету: зоркi, галактычныя туманнасцi, мiжзорнае асяроддзе, сонечны вецер. Ты, вядома ж, ведаеш пра гэта. Тут, на планеце Зямля, разумныя плазмоiды вельмi даўно стварылi сваю цывiлiзацыю. Гэта яшчэ было ў часы Цвiцення Вулканаў, калi над iхнiмi грамагалосымi кратэрамi бушаваў бясконцы агонь. Нашы легенды гавораць, што далёкiя продкi плазмоiдаў прыляцелi з Космасу, з планеты Вар, якую не ведаюць зямныя астраномы. А потым пачалося шматвяковае процiстаянне з бялковай цывiлiзацыяй. А зараз - вайна. Плазмоiд упершыню ўступае ў адкрыты кантакт з людзьмi. Я вельмi ганаруся, што мне выпаў найвялiкшы гонар ад iмя Народа Ўсiх Сямi Колераў запрасiць Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца на перагаворы з Розумам Народа Ўсiх Сямi Колераў.

Радаслаў, якi з цiкавасцю слухаў Плазмоiда, страшэнна абурыўся.

- Запрасiць? Ды нас схапiлi, як ястраб хапае курыцу.

Тут малочна-белы шар зноў зрабiўся чырванаватым, а затым шэрым i трошкi зменшыўся ў аб'ёме.

- Iншага варыянту выйсцi на кантакт я не знайшоў, - сумна прамовiў шар. Ён здаваўся маленькiм хлопчыкам, што нашкодзiў i дужа перажывае сваю вiну.

- Навошта ж цябе пасылалi, калi ты такi аднаварыянтны? - кiпяцiўся Буслейка. - I яшчэ - чаму менавiта нас, радавых стрэсаператараў, запрасiлi, як ты кажаш, на перагаворы з плазмоiдамi? Хiба на планеце Зямля няма больш вартнейшых людзей?

Плазмоiд пры гэтых словах налiўся сонечнай яркасцю, на вачах павесялеў. Адчувалася, што зараз ён скажа Буслейку нешта прыемнае.

- Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў абраў вас дваiх на перагаворы таму, што аналiзы, праведзеныя Кланамi Шаравых Маланак (дарэчы, я сам належу да Клана Сiнiх Шаравых Маланак), выявiлi надзвычайную станоўчую мыслiцельную актыўнасць двух iнтэлектаў якраз на Галоўным Iндаэўрапейскiм Стрэсографе ў кабiне нумар дванаццаць. Гэта было самым важкiм аргументам на вашу карысць. Мы, плазмоiды, ацэньваем значнасць кожнага жывога не па ўладзе i ўзросце, а па iнтэлекту, якiм напоўнены ягоны мозг. Прытым iнтэлект не павiнен быць агрэсiўным.

- Вунь яно што, - аж прышчоўкнуў языком Буслейка. - Залятала да нас з Карлам шаравая маланка ў кабiну. Месяца паўтара назад гэта было. Я яшчэ здзiвiўся тады - у нас жа ў кабiне нi акна, нi шчылiнкi i дзверы вечна зачынены. А яна, птушачка, з электраразеткi выпырхнула, свежанькая такая, кругленькая. Праплыла ў нас над самымi галовамi, каля майго экрана пакружылася, як бы нешта нюхала, i - назад у разетку. На нас з Карлам як слупняк напаў. I навальнiцы ў той дзень быццам бы не чулi, не бачылi.

Буслейка, калi гаварыць шчыра, быў вельмi задаволены, што менавiта iх з Карлам Старая Цывiлiзацыя палiчыла самымi разумнымi, самымi кампетэнтнымi людзьмi Ўсходняй Эўропы ды i, магчыма, усёй Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. У маладым узросце кожны нармальны чалавек у меру славалюбiвы, марыць вылучыцца, выдзелiцца, пастаянна быць навiдавоку, i не для яго мудрая, горкая, аплочаная нялёгкiмi духоўнымi стратамi думка старадаўняга фiлосафа "Пражывi непрыкметна". На стрэсаператара нахлынула, накацiлася ўдзячнае шматслоўе, ды Плазмоiд рашуча перапынiў яго, сказаў:

- Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў чакае Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца. Не хвалюйся, нiчога не бойся, але зараз ты будзеш пераведзены ў такi самы стан, у якiм знаходзiцца твой калега.

- Я страчу прытомнасць? - занепакоiўся Радаслаў.

- Ты заснеш i прачнешся там, дзе знаходзiцца Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў.

- Але ў мяне слабое сэрца.

- У цябе моцнае здаровае сэрца, - сказаў Плазмоiд. Пачуўся ўжо знаёмы Радаславу рэзкi сухi шчаўчок, шар, iмгненна сарваўшыся з месца, лёгенька стукнуў стрэсаператара па левым плячы, i Буслейка, унутрана супрацiўляючыся, не жадаючы, амаль адразу заплюшчыў вочы.

VI

Яны апынулiся ў круглай зале, дыяметр якой складаў недзе пяцьдзесят шэсцьдзесят метраў. Адзiная масiўная калона стаяла ў самым цэнтры гэтай залы, i вось ля падножжа калоны на высечаных з сiняга каменю сядзеннях ачунялi пасля тэлепартацыi*. Радаслаў Буслейка i Карл Гакенхольц. Дзе знаходзiлася зала? Пад зямлёй? У тоўшчы горнай пароды? Цi, можа, у якiм-небудзь будынку на вулiцы шумнага горада? Стрэсаператары на гэты конт не мелi нi кропелькi iнфармацыi. Вакол калоны, а значыць, i вакол iх, у плаўным карагодзе кружылася незлiчонае мноства яркiх малочна-белых шароў. Плазмоiды былi розных памераў: зусiм маленькiя, маленькiя, велiчынёю з баскетбольны мячык, а некаторыя - штук трыццаць - дасягалi да паўметра ў папярочнiку. Незвычайны танец захапляў сваёй вытанчанай пластыкай i прыгажосцю. Было ў iм нешта ад раўнамернага няўхiльнага руху велiзарных акiянскiх хваль, ад грацыёзнага палёту буйных блiскучых сняжынак у навагоднюю ноч. Стаяла абсалютная цiшыня, адзiным жывым гукам, якi ледзь-ледзь парушаў яе, было ўсхваляванае дыханне стрэсаператараў. Радаслаў з Карлам цёрлi кулакамi вочы, глядзелi адзiн на аднаго, каб пераканацца ў рэальнасцi таго, што адбываецца. Гэта быў не сон, не наркатычнае ачмурэнне. Сотнi, тысячы зiхоткiх шароў, падобных на таямнiчыя поўнi з начных нябёсаў, рытмiчна кружылiся наўкола iх, пярэстымi ўзорыстымi карункамi клалiся на калону, на столь i сцены залы плямы залацiстага святла i ценю. У бясшумным, бязмоўным руху адчувалася цудоўная ўнутраная музыка, найвялiкшы глыбiнны сэнс, недаступны, на жаль, чалавечаму мозгу. Гэты, вядома ж, рытуальны танец мог быць iмiтацыяй урачыстага параду зорак i планет у чорнай бязмежнасцi Сусвету або iмiтацыяй няспынна-вечнага руху атамаў у самым асяродку ўсяго iснага, нябеснага i зямнога. Стрэсаператары назiралi за фантастычнай дзеяй моўчкi, бо невядомая ўладная сiла на нейкi час пазбавiла iх мовы. "Дык вось ён - твар Старой Цывiлiзацыi, - спустошана i разгублена думаў Радаслаў Буслейка. - Вось хто пачаў вайну супроць чалавецтва. Чаго хочуць гэтыя маўклiвыя iскрыстыя шары, гэты рой срэбных прывiдаў? Недзе памiж iх, пэўна ж, кружыцца i той плазмоiд, якi захапiў у палон нас з Карлам. Цiкава, што ён думае зараз пра нас i цi здольны ён наогул думаць у нашым чалавечым разуменнi?"

* Тэлепартацыя - перанос цвёрдых цел праз сцены.

Радаслаў, узняўшы позiрк угору, заўважыў, што столь залы шчыльна пакрыта зеленавата-сiвымi кiлiмамi лiшайнiку. Адразу прыломнiлiся тысячагадовыя валуны, статкi мамантаў, лёд i снег, пустэча змярцвелай пад цяжарам ледавiкоў зямлi. "Мы знаходзiмся ў падзямеллi, - вырашыў стрэсаператар, - бо лiшайнiкi любяць холад i вiльгаць, а такога дабра заўсёды хапае ў падзямеллях. Цiкава, з чаго пачыналася гэта зала раней - з картавай пячоры або з катакомбаў, выкапаных чалавечымi рукамi?" Плазмоiды ў нечым здалiся яму падобнымi на першахрысцiян, якiя, баронячы сваю веру, хавалiся ад Нерона ў такiх жа падзямеллях, дзе ярка нязгасна гарэлi свечкi i паходнi. Праўда, была iстотная рознiца - плазмоiды самаасвятлялiся.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 21 22 23 24 25 ... 69 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке), относящееся к жанру Научная Фантастика. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.

Комментарии (0)