Герберт Уэллс - Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
- Добра б яшчэ кальсоны, шкарпэткi i туфлi, - адрывiста вымавiў Невiдзiмка. - I паесцi.
- Калi ласка, усё, што жадаеце. Але са мной у жыццi не надаралася нiчога больш недарэчнага.
Кемп дастаў з камода ўсё, што прасiў Невiдзiмка, i спусцiўся ў кладоўку. Ён вярнуўся з халоднымi катлетамi i хлебам i, падсунуўшы невялiкi столiк, расставiў усё гэта перад госцем.
- Абыдуся i без нажа, - сказаў Невiдзiмка, i катлета павiсла ў паветры. Пачулася жаванне.
- Я заўсёды лiчыў за лепшае спачатку апрануцца, а потым ужо есцi, сказаў Невiдзiмка з поўным ротам, прагна глытаючы хлеб з катлетай. - Дзiўны капрыз!
- Рука, здаецца, дзейнiчае? - сказаў Кемп.
- Будзьце спакойныя, - сказаў Невiдзiмка.
- Але як усё-такi дзiўна...
- Менавiта так. Але самае дзiўнае тое, што я трапiў менавiта да вас, калi мне спатрэбiлася зрабiць перавязку. Гэта мая першая ўдача! Урэшце, я i так вырашыў пераначаваць у гэтым доме. Нiчога вам не дапаможа! Страшна няёмка, што кроў маю бачна, праўда? Цэлая лужына нацякла. Мусiць, яна становiцца бачнай, калi згусае. Мне давялося змянiць толькi жывую тканку, i я нябачны толькi пакуль жывы... Ужо тры гадзiны, як я тут.
- Але як вы гэта зрабiлi? - пачаў Кемп раздражнёна. - Чорт ведае што! Уся гэтая гiсторыя ад пачатку да канца - суцэльная бязглуздзiца.
- Дарэмна вы так думаеце, - сказаў Невiдзiмка. - Усё гэта цалкам разумна.
Ён пацягнуўся i ўзяў бутэльку з вiскi. Кемп здзiўлена глядзеў на халат, якi паглынаў вiскi. Святло ад свечкi, праходзячы скрозь дзiрку на правым плячы халата, утварыла светлы трохвугольнiк пад левымi рэбрамi.
- Што гэта былi за стрэлы? - спытаўся Кемп. - Як пачалася стралянiна?
- Там быў адзiн дурань, мой выпадковы кампаньён, каб яго чорт узяў, якi хацеў украсцi мае грошы. I ўкраў-такi.
- Таксама невiдзiмка?
- Не.
- Ну, а што далей?
- Цi нельга мне яшчэ чаго-небудзь паесцi, га? Потым я ўсё раскажу па парадку. Я галодны, i рука балiць. А вы хочаце, каб я вам расказваў!
Кемп падняўся.
- Значыць, гэта не вы стралялi? - спытаўся ён.
- Не, - адказаў госць. - Страляў наўздагад нейкi iдыёт, якога я раней нiколi не бачыў. Яны ўсе перапалохалiся. Мяне ўсе палохаюцца. Каб iх чорт узяў! Ну вось што, Кемп: я есцi хачу.
- Пайду пашукаю, цi няма ўнiзе яшчэ чаго-небудзь з ежы, - сказаў Кемп. - Баюся, што знойдзецца не шмат.
Закончыўшы з ежай, - а паеў ён грунтоўна, - Невiдзiмка папрасiў цыгару.
Ён прагна адкусiў кончык, перш чым Кемп паспеў адшукаць нож, i вылаяўся, калi адстаў вонкавы лiсток.
Дзiўна было бачыць яго з цыгарай: рот, горла, зеў i ноздры выступалi, быццам злепак, зроблены з дыму, якi клубiўся.
- Слаўная штука тытунь! - сказаў ён, моцна зацягнуўшыся. - Мне вельмi пашанцавала, што я трапiў да вас, Кемп. Вы павiнны памагчы мне. Падумаць толькi - якраз цяпер натрапiў на вас! Я ў адчайным становiшчы. Я быў як звар'яцелы. Чаго толькi я не перажыў! Але цяпер у нас справа пойдзе, ужо паверце...
Ён выпiў яшчэ вiскi з содай. Кемп устаў, агледзеўся i прынёс з суседняга пакоя яшчэ шклянку для сябе.
- Усё гэта дзiка... але, напэўна, я таксама вып'ю.
- Вы амаль не змянiлiся, Кемп, за гэтыя дванаццаць гадоў. Вы, бландзiны, мала мяняецеся. Усё такi ж стрыманы i метадычны... Я павiнен вам усё растлумачыць. Мы будзем працаваць разам!
- Але як гэта адбылося? - спытаў Кемп. - Як вы сталi такiм?
- Богам прашу, дайце мне спакойна пакурыць, потым я вам усё раскажу.
Але ў гэтую ноч ён не расказаў нiчога. У яго разбалелася рука i пачалася гарачка, ён вельмi аслабеў. Яго хворае ўяўленне ўсё вярталася да пагонi на ўзгорку i да бойкi каля шынка. Ён пачаў было расказваць, але адразу пераходзiў на iншае. Ён няскладна гаварыў пра Марвела, сутаргава зацягваўся, i ў голасе яго чулася раздражненне. Кемп стараўся атрымаць з яго расказу ўсё, што мог.
- Ён мяне баяўся... я бачыў, што ён мяне баiцца, - зноў i зноў паўтараў Невiдзiмка. - Ён хацеў уцячы ад мяне, толькi пра гэта i думаў. Якое я зрабiў глупства! Трэба было забiць яго...
- Дзе вы ўзялi грошы? - раптам спытаўся Кемп.
Невiдзiмка прамаўчаў.
- Сёння я не магу вам сказаць, - адказаў ён.
Раптам ён застагнаў i нагнуўся наперад, схапiўшыся нябачнымi рукамi за нябачную галаву.
- Кемп, - сказаў ён, - я не сплю ўжо трэцiя суткi, за ўвесь гэты час мне ўдалося задрамаць гадзiну-другую, не больш. Я павiнен выспацца.
- Добра, - адказаў Кемп. - Адпачывайце тут, у маiм пакоi.
- Але як я магу спаць? Калi я засну, ён уцячэ. Эх! Цi не ўсё роўна!
- Рана сур'ёзная? - адрывiста спытаўся Кемп.
- Дробязi - драпiна. Госпадзi, як мне спаць хочацца!
- Дык кладзiцеся.
Невiдзiмка, здавалася, глядзеў на Кемпа.
- У мяне ёсць асаблiвыя прычыны не жадаць быць злоўленым маiмi блiзкiмi, - павольна прагаварыў ён.
Кемп уздрыгнуў.
- I дурань жа я! - усклiкнуў Невiдзiмка, стукнуўшы кулаком па стале. Я сам падаў вам гэтую думку.
Раздзел ХVIII
НЕВIДЗIМКА СПIЦЬ
Нягледзячы на стомленасць i раненне, Невiдзiмка ўсё ж не паверыў слову Кемпа, што на свабоду яго не будзе зроблена нiякага замаху. Ён агледзеў абодва вакны спальнi, падняў шторы i адчынiў аканiцы, каб пераканацца, што гэтым шляхам можна ўцякаць у выпадку неабходнасцi. За вокнамi стаяла мiрная начная цiшыня. Над узгоркамi заходзiў малады месяц. Потым Невiдзiмка агледзеў замок спальнi i дзверы прыбiральнi i ваннай, каб пераканацца, што i адсюль ён зможа ўцячы. Нарэшце ён заявiў, што задаволены. Ён стаяў перад камiнам, i Кемп пачуў гук пазяхання.
- Мне вельмi шкада, - сказаў Невiдзiмка, - што я не магу цяпер расказаць вам аб усiм, што я зрабiў. Але я сапраўды выбiўся з сiл. Гэта недарэчна, бясспрэчна. Гэта жахлiва. Але, верце мне, Кемп, што б вы ранiцай там нi даказвалi, а гэта цалкам магчыма. Я зрабiў адкрыццё. Я думаў захаваць яго ўпотайкi. Але гэта немагчыма. Мне патрэбны памочнiк. А вы... чаго толькi мы не зможам зрабiць!.. Урэшце, пакiнем усё гэта да заўтра. Цяпер, Кемп, я павiнен заснуць - iнакш я памру.
Кемп стаяў пасярод пакоя, гледзячы на безгаловы халат.
- Дык я пакiну вас, - сказаў ён. - Але гэта неверагодна... Яшчэ тры такiя здарэннi, якiя пераварочваюць уверх дном усе мае тэорыi, i я звар'яцею. I ўсё ж, бачна, гэта так! Цi патрэбна вам яшчэ чаго-небудзь?
- Толькi каб вы пажадалi мне спакойнай ночы, - сказаў Грыфiн.
- Спакойнай ночы, - сказаў Кемп i пацiснуў нябачную руку.
Ён бокам накiраваўся да дзвярэй. Раптам халат хутка падышоў да яго.
- Помнiце, - вымавiў халат. - Нiякiх спробаў злавiць цi затрымаць мяне. Iнакш...
Кемп злёгку змянiўся ў твары.
- Я ж, здаецца, даў вам слова, - сказаў ён.
Кемп выйшаў, цiха прычынiў за сабой дзверы, i ключ зараз жа шчоўкнуў у замку. Пакуль Кемп стаяў, не рухаючыся, з выглядам пакорлiвага здзiўлення на твары, пачулiся паспешныя крокi, i дзверы ванны таксама аказалiся зачыненымi. Кемп стукнуў сябе рукой па лбе.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение Герберт Уэллс - Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке), относящееся к жанру Научная Фантастика. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.

