К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
"Так, паважаны Эдзё, - адказваў у думках вiленскi юнак, - даўно мы гэта ўжо запiсалi i, калi прыйдзе час, прыпомнiм. Расьлi й гадавалiся ды загартоўвалiся мы ў агнi й без тваёй рады ведалi, што й дзе запiсваць. Ты толькi нам лiшнi раз прыпомнiў, ня ўцямiўшы, якое жнiво некалi прыйдзецца зьбiраць тваiм родзiчам з пасеянага табой зерня". Далей зьяўлялася постаць подлага рэнэгата Мыдлеўскага ды шматлiкiх iншых афiцэраў i радавых палякаў, кароткiя жыцьцёвыя кантакты зь якiмi выказалi аб iхняй непрымiрымай варожасьцi да чалавека толькi таму, што ён голасна й смела заяўляў аб сваiм беларускiм паходжаньнi. Гэта ўсё дзеелася пасьля самай вялiкай гiстарычнай катастрофы, дзе, мiж iншымi, польскi народ палажыў вялiкiя ахвяры, але амаль зусiм не ўзбагацiў свайго жыцьцёва-палiтычнага розуму. Дык даволi ўжо аб тым, што "роўныя з роўнымi" цi "адносiны палепшылiся". I наiўнасьць мае-ж сваю мерку.
VI
Да чытаньня "Беларускiх Навiн" юнак узяўся з урачыстым натхненьнем, можна сказаць, з пабожнасьцю i быццам з боязьзю. Ужо колькi хвiлiн меў газэту ў руках, а ўсё яшчэ недзе ў галаве мiтусiлася ўява, што гэта ўсё быццам нерэчаiснае, што хутка дзьмухне нейкi вецер i зьнiкне зь ягоных рук дарагi шматок паперы са знакамi роднае мовы. Ня мог анiяк прывыкнуць да думкi, што ў ягоных руках першая родная ластаўка, тая нiтачка, пры дапамозе якой можна будзе дабрацца да свайго беларускага клубка. Чуўся так, як быццам вылазiў з глыбокага цёмнага прадоньня й угледзеў нарэшце сьветлы дзённы праменьчык. У наступную хвiлiну здавалася, што да гэтага часу быў слабы й абясьсiлены, быццам страцiў вялiкую частку крывi. I вось нехта праз жылы пачаў улiваць яму кроў. Павольна, але стала й упэўнена пачынае пульсаваць цэлая крывяная сыстэма, мерна б'ецца аслабленае й зьняможанае яшчэ нядаўна сэрца, сiла пачынае вяртацца ва ўсе часьцi цела. Становiцца на ногi, варушыцца, каб праверыць, што ўсё гэта сапраўднасьць, а пераканаўшыся, манiцца аж падскочыць i пачаць танцаваць з радасьцi. Хочацца крычаць з радасьцi, весялiцца, абдымаць усiх людзей, што пад рукою, i абвяшчаць вялiкую навiну - ён, Сымон Спарыш, нарэшце знайшоў нiтачку да свайго роднага клубка. Гэта той канал духовае справы, па якiм ужо ад гэтага часу нанава й стала будзе сачыцца пажыва для ягонае зьняможанае й згаладалае душы. Як-жа тут ня весялiцца. Рукi дрыжаць зь вялiкага хваляваньня, прысьпешаным тэмпам б'ецца сэрца.
У бараку ў гэтым часе быў абедзенны перапынак i супакой. Да заняткаў яшчэ шмат часу. Людзi сядзяць групкамi, iншыя калупаюцца каля розных штодзённых дробязяў. Бальшыня зь iх не бярэ ўвагi на Сымона. Толькi Дэмарчык спасьцярог надмернае хваляваньне свайго сябры i, убачыўшы ў руках хлапца газэту з незнаёмымi яму лiтарамi, падыходзiць i пытаецца, што за яна й адкуль атрымаў. Пару суседзяў таксама ўталоплiваюцца ў Сымона з запытальнымi поглядамi. Юнак дзелiцца з зацiкаўленымi вялiкай радаснай весткай, але адразу мяркуе, што чамусьцi ягоныя словы ня робяць на iншых амаль нiякага эфэкту. Ён на момант быў забыўся, што з гэтымi людзьмi ня мог дзялiць такой радасьцi, i дзеля таго адыходзiць са сваiм скарбам у зацiшнейшы куток i просiць Дэмарчыка, каб не перашкаджаў.
Вочы ўпiваюцца ў радочкi, зь вялiкай любоўю песьцяць кожную лiтарку. Сымон чытае са смакам i паволi, а дзесьцi ў галаве гнязьдзiцца думка, што ня трэба-ж сьпяшацца, дарма што мо й часу пад час абедняга перапынку ня хопiць на прачытаньне ўсяго. Трэба-ж з гэтай малой фарматам газэты прыдбаць для сваёй спрагненай душы як найбольш асалоды. А душа ягоная цяпер быццам тая высахлая губка. Для яе гэтая малая газэтка быццам тая сьцiпленькая кропелька вады для губкi. Колькi-ж увабрала-б, усякнула-б свайго роднага, калi-б было адкуль. Дык пакуль гэта маленькая кропелька не спажытая, трэба ўжываць яе з найбольшай асалодай, перш чым праглынуць, трэба абгледзець i нацешыцца кожнай найменшай мiкраскапiчнай макулiнкай, трэба насыцiць, здаецца, усе свае органы чуцьця, а ня толькi думку.
Што за матэрыял у газеце?
Перш за ўсё колькi слоў ад рэдакцыi, бо гэта-ж першы нумар. Гаворыцца, што "вымогi беларускага друкаванага слова ў нас сяньня найвялiкшыя", што беларускiм работнiкам у Францыi, згуртаваным пры Францускiм хрысьцiянскiм сындыкаце работнiкаў, удалося нарэшце зрэалiзаваць сваё даўняе летуценьне, выдаць газэту, якая будзе ня толькi iнфарматарам, але й лучнiкам беларусаў, раськiданых па ўсiм сьвеце ў насьледку пяцiгадовае вайны. Газэта зьяўляецца дадаткам да органа Францускага работнiцкага сындыкату i выходзiць месячнiкам, але пасьля манiцца выходзiць i часьцей, абы была ад сваiх дапамога.
Нумар прысьвечаны збольшага Калядам 1945 году, i пасярод, пад загалоўкам, на дзьве шпальты першае бачыны на здымку вiдаць пакрытыя сьнегам хвойкi. Чытач уяўляе кавалачак роднае, дарагое, пакiнутае Бацькаўшчыны.
Побач - верш Ларысы Генiюш "Новы год":
Новы год iдзе крокам бадзёрым,
крокам звонкiм, як сам, маладым.
Расьцiлае надзеi ўзорныя,
гоiць крыўдаў i ранаў сьляды.
Iдзе стуль, дзе ў завеяных хатах
нас чакае сям'я за сталом,
каб з загубленым сынам цi братам
падзялiцца сямейным цяплом...
Як ёмка й праўдзiва сказана. "Новы год... гоiць крыўдаў i ранаў сьляды". Так. Гояцца i ў Сымонавым сэрцы пэўныя раны, хаця хто ведае, калi пачнуць гаiцца сьляды крыўды. Падымаюцца пад цяжкiм уздыхам грудзi. Крыўды былi, ёсьць цяпер i доўга будуць яшчэ. Хто ведае, каторы ўжо новы год iх загоiць. Цi-ж лёгка ўявiць, што пры дапамозе гэтай ластаўкi-газэты новы год хоча падзялiцца i зь iм, Сымонам, сямейным цяплом? Ён-жа загублены сын i брат, адзiн з тысячаў раськiданых-разьвеяных па вялiкiм сусьвеце. Сям'я ягоная ня ведае, цi ён жыве, магчыма, што ўжо ўпотайку памалiлася за супакой душы ягонай, што, можа, даўно пакiнула маладое зморанае цела. Яны-ж ня ведаюць. Ох, даражэнькiя, родненькiя! Няхай Бог улье вам у сэрца надзею, што Сымон не загiнуў, што туляецца па чужыне, хоць змораны й зьняможаны, але-ж - вольны. Будзе й ён малiцца за вас, прасiць Усемагутнага, каб пад удушлiвым цiскам ярма сатаны прынёс вам палягчэньне ды прысьпешыў дзень вызваленьня вашага.
Нешта спазмамi сьцiскае й душыць Сымонава горла, на вочы набягаюць буйныя сьлёзы. Хлапец здабываецца на надлюдзкiя сiлы, каб iх стрымаць, каб не расплакацца ў прысутнасьцi цэлага восьмага курсу нейкай чужой i наўрад цi патрэбнай яму ў будучым школы.
Людзi звычайна ўважаюць, што плач вызначае духовую цi фiзычную слабасьць, а найчасьцей забываюцца, што iншым разам прыносiць вялiкае палягчэньне. Дарослыя стыдаюцца плакаць, толькi ў выключных выпадках, калi ня могуць стрымацца. Плач звальняе награмаджанае доўгiм часам у сэрцы й душы, гэткiм чынам навет спрычыняецца да аздараўленьня й адпружаньня пераладаванага духовага й цялеснага людзкога арганiзму. Сымон у гэты момант хацеў-бы плакаць - з гора i з радасьцi, з даўно перажытага i з новазнойдзенай макулiнкi шчасьця й надзеi. Хацеў-бы забрацца недзе ў нейкi адлюдны куточак i раўцi на ўсё горла, як маленькае дзiця. Так-жа шмат i такога горкага награмазьдзiлася ў яго за пару гадоў бурнага лiхалецьця. Але-ж ён ня ў тым часе й месцы, дзе плакаць можна. Сiлiцца, каб стрымаць буйныя сьлёзы, ды, бачачы, што не дасьць рады, узрываецца з лаўкi, хавае згорнутую газэтку ў кiшэню й хуткiм крокам накiроўваецца на двор. Некуды йдзе, а куды - ня важна. У галаве цэлы пчалiны рой розных думак. Нешта грызе бязьлiтасна за сэрца, iншае нешта клешчамi сьцiскае за горла. На вочы нагортваюцца буйныя сьлёзы.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке), относящееся к жанру Биографии и Мемуары. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.


