К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
- Камандзер майго адзьдзелу падаў маё прозьвiшча без майго ведама.
- А пасьля вы згадзiлiся?
- А што-ж я меў рабiць?
- Я вас пытаюся, пся косьць! - пачырванеў раптоўна Палiшэўскi, i на твары ў яго зьявiлася нейкая неакрэсьленая грымаса. - Адказвайце на пытаньне!
- Калi ўжо так сталася, дык мусiў згадзiцца.
- Значыцца, вы ахвотнiкам сюды прыехалi?
- Думаю, пане маёр, што гэтага нельга назваць ахвотай, калi чалавека прапануюць безь яго ведама...
- Дык як вы сабе ўяўляеце такую справу? Не маглi стаць да рапарту з просьбай, каб вас пакiнулi ў адзьдзеле, а прыехалi й хочаце давесьцi, што вас прымусам прыслалi? Га? - нэрваваўся маёр.
На буйным твары цяжка было спасьцерагчы такую раптоўную перамену. Адно па голасе Сымон здагадаўся, што тлумачыць Палiшэўскаму аб ягонай абыякавасьцi да школы ня будзе ладу.
- Дык як вы ўрэшце думаеце? Ахвотнiк вы цi з прымусу? - прыпадняўся маёр за сталом. - Няма чагосьцi сярэдняга. Або так, або не. На маю думку, вы ахвотнiк. Хочаце, каб за такога вас уважалi?
- Так ёсьць, пане маёр.
- Адкуль вы з дому?
Сымон назваў мясцовасьць нараджэньня.
- Хто ваш бацька?
- Селянiн.
- Колькi меў зямлi?
- Дванаццаць гэктараў.
"Чорт цябе пабяры, - думаў Спарыш, - яшчэ возьмеш загадаеш, як тыя бальшавiкi, аўтабiяграфiю, пачынаючы ад прапрадзеда, пiсаць". Ужо падымалася правая рука, каб з заклапочаньня пацерабiць патылiцу, але калi хлапец прыпомнiў, дзе знаходзiцца, хутка апусьцiлася.
- Колькi часу вы былi на фронце?
- Тры месяцы.
- З чым ваявалi?
- Зь немцамi, пане маёр.
- Я ня пытаюся, зь кiм, але - якой зброяй, якую функцыю вы выконвалi, пачаў хвалявацца зноў верхнi маёраў падбародак.
- З "п'ятам", пане маёр.
- Гм... можаце iсьцi.
Сымон адсалютаваў i, павольна павярнуўшыся, зрабiў тры крокi ды ўжо браўся за клямку дзьвярэй.
- Спарыш! - гукнуў голас Палiшэўскага.
- Я ёсьць, пане маёр! - адвярнуўся юнак.
- Як то вы паварачваецеся, як тая цяжарная баба! Не можаце вы гэта жывей, рухавей? Помнiце, як вазьму вас на школу, то яйцы вам хутка ўстаўлю, пся косьць!
- Так ёсьць, пане маёр!
- Можаце адыйсьцi.
Сымон хуценька крутануўся на левым абцасе, жвава адсалютаваў i жывенька выскачыў за дзьверы.
- Як вы думаеце? - зьвярнуўся быццам да сьцяны, гледзячы на свежазачыненыя за Сымонам дзверы, Палiшэўскi. Капiтан Баяноўскi аднавiў ранейшае шпацыраваньне ды ўважна зiрнуў у вакно, быццам там намагаючыся знайсьцi адказ на камандзерава пытаньне.
- Здаецца, у яго ў галаве крыху ёсьць, - флегматычна, усё яшчэ жуючы гуму, адказаў, выцягнуўшыся ў крэсьле, Монiк.
- Пане лейтанант, - з уданай паважнасьцю павярнуўся да яго Палiшэўскi, будзьце ласкавы, перастаньце ў маёй прысутнасьцi ў часе службовых гадзiн жаваць гуму. Iншым часам - як сабе хочаце.
- Перапрашаю пана маёра, - спахапiўся бледны лейтанант i, хутка выцягнуўшы зь кiшэнi кавалак туалетнае паперы, паднёс яе да вуснаў, улажыў туды жвачку ды, устаўшы з крэсла, выкiнуў яе ў кошык для сьмецьця.
- Колькi пунктаў атрымаў ён на экзаменах?
- Семдзесят два, - адазваўся Баяноўскi.
- Выглядае, што трэба прыняць. З гэтай нацыянальнасьцю, пся косьць, чалавек чужога ўзгадаваньня... Як вы думаеце, пане капiтан?
- Няма прычынаў, каб адкiнуць.
- А вы, пане лейтанант?
- Варта прыняць.
- Няхай так i будзе, - заключыў Палiшэўскi.
VI
Калi абвешчаны былi вынiкi экзаменаў у школу, аказалася, што тры чалавекi былi адкiнуты. Кандыдаты й раней ведалi, што некага мусiлi адкiнуць, бо на дваццаць чатыры месцы было дваццаць сем кандыдатаў. Двое адкiнутых былi жаўнеры зь Iталii. Яны цэлую вайну былi ў панцырных адзьдзелах. Чулiся моцна пакрыўджанымi. Дарма што колькi разоў спрабавалi абiваць парогi ў Палiшэўскага, камандзер i гаварыць не хацеў. Да таго-ж выказалася хутка, што згодна з загадам брытанскiх уладаў восьмы курс меўся быць апошнiм. Гэткiм чынам адкiнутыя ня мелi надзеi паступiць на дзевяты, бо школа мела быць закрытая. Адзiн з гэтых адкiнутых, што па дарозе з Iталii ў Кэтэрык Кэмп пасябраваў з Сымонам, вельмi яму зайздросьцiў такой удачы, намякаючы ў гутарцы й на тое, што Сымон быў беларусам i яго прынялi, а яго - як паляка, дый, пэўна-ж, зусiм ня горшага, калi ня лепшага, - адкiнулi.
Спарыш ня лiчыў таго за такую вялiкую, як выдавалася паляку, удачу. Наогул быў хлапцом здольным, адылi ягоныя зацiкаўленьнi ў навуцы ня былi ў кiрунку тэхнiчным - больш за ўсё любiў лiтаратуру, гiсторыю, фiлязофiю й мовы. Аднак глубока ўнутры, здавалася, навет падсьведама, ганарыўся тым, што ўдалося на жыцьцёвай дарозе пералезьцi яшчэ адзiн парог, дарма што адчыненыя дзьверы вялi ў цемру. Для яго гэта ўдача, як гаварыў адкiнуты паляк, была яшчэ адным доказам сваёй вартасьцi й разьвiтасьцi, асаблiва-ж калi параўноўваў сябе з тымi спрактыкаванымi ваякамi, бальшыня якiх выводзiлася з панцырных адзiнак. Некаторыя былi падафiцэрамi з доўгiм стажам службы, з грудзьмi, поўнымi медалёў. Яшчэ ў пачатковай i сярэдняй школе Сымон стараўся вучыцца й амаль заўсёды быў першым паводле ацэнак у сваёй клясе. Там меў справу заўсёды з аднагодкамi, значыцца, шансы былi амаль роўныя. Даваўся ўсiм роўны й да гэтага часу невядомы матэрыял да вывучэньня, i адно найбольш здольныя й працавiтыя трымалiся на вярху данае клясы. Тут-жа пры экзаменах былi людзi з усiх пластоў грамадзтва, пачынаючы ад князя Юрыя Радзiвiла (аб iм i iншых будзе мова пазьней), пераходзячы да сынкоў бюракратаў i вайскоўцаў ды канчаючы дзяцьмi сялян. Розьнiлiся й паводле сваiх гадоў, i вайсковых ступеняў, i ваеннае практыкi, i ўзгадаваньня, й навуковага падрыхтаваньня. Былi й людзi з вышэйшай асьветай. Дык у тым i меў Сымон асабiстае задаваленьне, што ня толькi наогул трапiў у школу, але паводле ацэнак апынуўся дзесь усярэдзiне.
Быў гэта чэрвень 1945-га году. Мiмаволi прыбягаў Сымону на думку чэрвень мiнулага году ў Менску. Прыгадвалiся афiцыяльна нераспачатыя заняткi Школы Камандзераў БКА, маладыя, поўныя веры ў сябе й свой народ юнакi, што пазьляталiся былi з усiх куткоў Бацькаўшчыны, каб у будучынi стацца авангардам беларускiх збройных сiл. Як хутка ўсё тое расплылося-разьвеялася, зьмянiлася, шмат чаго спарахнела-спапялiлася, iншае зламалася, а некаторае - самае мацнейшае й пасьля вайны яшчэ больш трывалае й узмоцненае - раськiданае было сяньня па ўсiх кутках Эўропы. Была калiсь для ўсiх адна дарога, ясная й простая, быў кiрунак, было кiраўнiцтва. Сягоньня, год пазьней, стаялi на розных сьцежках, у розных месцах кантынэнту, гукалiся й шукалiся мiжсобку ў чужых джунглях. Адно хiба ў iх засталося супольнае - зьнiч непахiснай любовi да Бацькаўшчыны.
Хоць параўнаньнi й прыгадваньнi мiнулага наводзiлi на Сымона вялiкую журботу, закрадалiся сумлевамi ў душу, напаўнялi горыччу сэрца, ня трацiў надзеi, што неба хутка праясьнiцца. Адплылi ўжо ваенныя хмары, створыцца нейкi паваенны лад i парадак, i што хаця Бацькаўшчына апынулася, як казаў той Чэрчыль, за жалезнай заслонай, усё-ж лягчэй будзе адшукаць сваiх родзiчаў, неяк выкарабкацца з чужога лябiрынту, а там ужо вiдаць будзе, ях i што рабiць. Гэткага моманту праясненьня й чакаў Сымон са сталай надзеяй на лепшую будучыню.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});Откройте для себя мир чтения на siteknig.com - месте, где каждая книга оживает прямо в браузере. Здесь вас уже ждёт произведение К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке), относящееся к жанру Биографии и Мемуары. Никаких регистраций, никаких преград - только вы и история, доступная в полном формате. Наш литературный портал создан для тех, кто любит комфорт: хотите читать с телефона - пожалуйста; предпочитаете ноутбук - идеально! Все книги открываются моментально и представлены полностью, без сокращений и скрытых страниц. Каталог жанров поможет вам быстро найти что-то по настроению: увлекательный роман, динамичное фэнтези, глубокую классику или лёгкое чтение перед сном. Мы ежедневно расширяем библиотеку, добавляя новые произведения, чтобы вам всегда было что открыть "на потом". Сегодня на siteknig.com доступно более 200000 книг - и каждая готова стать вашей новой любимой. Просто выбирайте, открывайте и наслаждайтесь чтением там, где вам удобно.


